Пасля сямі гадоў жыцця ў Польшчы беларуска вырашыла з’ездзіць на радзіму. Дзяўчыну даглядзелі і дапыталі на мяжы, праверылі яе тэлефон, а пасля – затрымалі. Сваёй гісторыяй карыстальніца падзялілася ў Threads – каментатары асудзілі беларуску і спыталі, што ж яна рабіла ў 2020-м.
Беларуска апісала свой досвед вяртання дадому. На мяжы яе затрымалі і надзелі кайданкі. «Сяджу я, значыць, у гэтых самых кайданках у бобіку <…> Думаю: “Новы цікавы досвед. А калі яшчэ паспрабую?” І адгадайце што? Далей – двое сутак у ІЧУ са сваімі прыколамі», – распавяла дзяўчына.
Паводле яе слоў, там былі блашчыцы і жудасны холад. Не было матрацаў. Уначы немагчыма было спаць, а ўдзень не давалі сядзець. “Затое кампанія выдатная!)) за выключэннем бамжыхі “падсоленай” (верагодна, падселенай – Hrodna.life) на другія суткі”, – піша дзяўчына.
Пасля ІЧУ быў “хуткі” суд і штраф на каля $200. Артыкул, па якім вынеслі рашэнне, беларуска не памятае. Штраф ёй далі “за падпіскі і лайкі” ў Instagram.
“Чаго ты гоніш”
Публікацыя набрала амаль 700 каментароў. Адны карыстальнікі асудзілі рашэнне дзяўчыны ехаць дадому, іншыя падзяліліся ўласным досведам перасячэння беларускай мяжы.
«Навошта вы ўвогуле вяртаецеся назад? Чаму вам не сядзіцца ў Польшчы? Потым пакрыўджаныя пасты пішыце, як вас у кайданках канваіравалі», – выказваецца ўдзельнік абмеркавання.
«Выснову зрабілі? Што нехрэн жадаць сваёй Радзіме развалу і краху. І што срэбнікі вельмі хутка заканчваюцца…», — піша іншы карыстальнік.
“6 год у Польшчы, езджу пастаянна ў Беларусь і ўсё нармальна, як і тысячы іншых людзей, якія штодня гэта робяць, але заўсёды знойдуцца адзінкі, якія маюць праблемы з законам і гэтымі адзінкавымі выпадкамі хочуць паказаць глабальныя праблемы”, — лічыць адзін з беларусаў.
«Ну так, узялі і проста так, адразу ў ІЧУ, бацька кожныя два тры месяцы ездзіць у Польшчу, сам быў не так даўно, прыяцелі каталіся. А тут законапаслухмянага грамадзяніна, на роўным месцы і ў ІЧУ? Чаго ты гоніш як Троцкі», – выказваецца карыстальнік.
«Трэба было спачатку ў Камісію звярнуцца, а потым ехаць. Цяпер ешце, не абляпайцеся», — піша яшчэ адзін удзельнік абмеркавання.
“Таксама 5 гадоў ездзіў і таксама не было праблем на мяжы, а потым у адзін з прыездаў у кватэру дзе я жыў рана раніцай уварваліся мусара каб забраць мой тэлефон на праверку. Да вас проста яшчэ чарга не дайшла”, – адказвае аднаму з каментатараў іншы.
Чытайце таксама: “Няўжо ягадка змерзне?” Бацькі ў Беларусі спрачаюцца з-за дазволу Мінадукацыі прапусціць школьныя заняткі



