У Гродне чакаюцца моцныя маразы: да пачатку наступнага тыдня прагназуюць да -25°C. Рэдакцыя Hrodna.life сабрала парады ратавальнікаў, лекараў і сацыяльных службаў пра тое, як перажыць холад, абараніць сябе і дапамагчы бяздомным людзям і жывёлам, для якіх экстрэмальныя маразы асабліва небяспечныя.

Што раяць лекары і ратавальнікі

Загадчык апёкавага аддзялення БХМД Гродна Віктар Галаўня раіць выходзіць на вуліцу толькі пры неабходнасці, асабліва ў моцны мароз. Так вы не змерзнеце і не атрымаеце абмаражэнне.

Абмаражэнні: што гэта і чаму небяспечна
Абмаражэнне — гэта пашкоджанне тканак з-за марозу. У цяжкіх выпадках пакутуюць глыбокія пласты скуры і мышцы. Рызыку павышаюць: цеснае і вільготнае адзенне, фізічная стомленасць, голад, доўгае нерухомае становішча, папярэднія траўмы і аслаблены арганізм.

Таксама лекар раіць апранацца слаямі — свабоднае адзенне і некалькі «капусных» слаёў дапамогуць захаваць цяпло. Верхняе адзенне павінна быць непрамакальным.

Абутак павінен быць цёплым, зручным і сухім, а шкарпэткі — з воўны. Не забывайце пра шапку, шалік і рукавіцы з унутраным мехам. Па магчымасці хавайцеся ад ветру і не насіце металічныя ўпрыгажэнні — пярсцёнкі і завушніцы могуць выклікаць халадавыя траўмы. Мокрае адзенне або валасы паскараюць пераахаладжэнне.

Звяртайце ўвагу на першыя прыкметы абмаражэння: мерзлявасць, паколванне, здранцвенне, пабледненне скуры, а таксама яе халоднасць, цяжкасці з рухам рук і ног. Пасля прагулкі трэба праверыць рукі, ногі, твар, вушы і спіну.

Што рабіць, калі ўжо замерзлі або мароз заспеў у дарозе

Як толькі вы адчулі пераахаладжэнне, неабходна як мага хутчэй зайсці ў любое цёплае месца — краму, кафэ, пад’езд, раіць лекар па медыцынскай прафілактыцы Слонімскай ЦРБ Алег Ватаеў. Калі ў вас заглухла машына ўдалечыні ад населенага пункта або ў незнаёмай для вас мясцовасці, лепш заставацца ў аўто, выклікаць дапамогу па тэлефоне або чакаць, пакуль па дарозе праедзе іншы аўтамабіль.

Асаблівая ўвага дзецям і пажылым

У дзяцей і пажылых людзей тэрмарэгуляцыя працуе горш, таму яны хутчэй замярзаюць. Пры марозе маленькім дзецям рэкамендуецца кожныя 15–20 хвілін вяртацца ў цяпло.

Маразы да −25°С: як не змерзнуць самому і дапамагчы іншым
Фота: pexels.com, носіць ілюстрацыйны характар

Ратавальнікі раяць: як паводзіць сябе на марозе

На вуліцы ў моцны мароз важна дыхаць носам — так паветра крыху саграваецца перад тым, як патрапіць у лёгкія. Калі вы чакаеце транспарт ці стаіце на вуліцы, не стойце на месцы: варушыце пальцамі ног і рабіце лёгкія практыкаванні, каб падтрымліваць кровазварот.

Ёсць рэчы, якіх нельга рабіць на марозе. Не ўжывайце алкаголь: ён стварае ілюзію цяпла і паскарае страту тэмпературы цела, а ў стане ап’янення складаней заўважыць прыкметы абмаражэння. Не курыце — гэта звужае сасуды і пагаршае цыркуляцыю крыві, робячы канечнасці больш уразлівымі. Калі скура ўжо пацярпела ад холаду, не расцірайце яе снегам або жорсткай тканінай — гэта можа пашкодзіць капіляры і занесці інфекцыю.

Правільнае харчаванне і рэжым таксама дапамагаюць абараніцца ад холаду. Перад выхадам на вуліцу важна добра паесці: гарачая і каларыйная ежа дае арганізму энергію для абагрэву. Піце гарачыя напоі — гарбату, морс або булён — каб сагрэцца знутры. На твар за 30–40 хвілін да выхаду нанясіце пажыўны ахоўны крэм; не выкарыстоўвайце ўвільгатняльны крэм на воднай аснове адразу перад выхадам, інакш ён не абароніць скуру.

Праверыць печнае ацяпленне

Таксама МНС раней нагадвала жыхарам Гродзеншчыны не забываць пра пажылых сваякоў у сельскай мясцовасці. Праверце, ці ёсць у іх дастатковы запас дроў, ці расчышчаны сцежкі да хаты і калодзежа, ці спраўная печ і ці няма пашкоджанняў у дымаходзе.

Не пакідайце печ, якая топіцца, без нагляду і трымайце мэблю, адзенне і іншыя гаручыя матэрыялы на бяспечнай адлегласці ад агню. Выкарыстоўвайце электраабагравальнікі толькі заводскай вытворчасці, правярайце іх спраўнасць і не пакідайце ўключанымі без нагляду.

Як дапамагчы бяздомнаму чалавеку ў мароз?

Калі вы заўважылі чалавека на вуліцы ў моцны мароз, першай справай звяртайце ўвагу на прыкметы абмаражэння і пры неабходнасці выклікайце хуткую дапамогу па нумары 103. Можна прапанаваць гарачую гарбату, ежу або цёплае адзенне. Чалавека, які мае патрэбу ў дапамозе, можна накіраваць у Дом начнога знаходжання. У Гродне ён знаходзіцца па адрасе вул. Карскага, 29.

Звязацца з адміністрацыяй установы можна па тэлефоне +375(152) 610833. Ва ўстанове ёсць кухня, дзе бяздомныя могуць гатаваць сабе гарачую ежу. Людзям можна перадаць прадукты, якія доўга не псуюцца: рыбныя і мясныя кансервы, гарбату і цукар, сланечнікавы алей, кандытарскія вырабы з працяглым тэрмінам прыдатнасці. Актуальнымі таксама будуць сродкі гігіены, мыйныя сродкі для прыборкі і мыцця, мужчынскае адзенне і абутак у добрым і чыстым стане.

Як дапамагчы бяздомным жывёлам у мароз

Каб супрацьстаяць халадам, жывёлам патрэбна дадатковая энергія, якую дае ежа.

— Бяздомным жывёлам як у халады, так і ў цёплую пару года пажадана даваць сухія кармы, прызначаныя для катоў і сабак, — распавядала «АиФ» ветэрынар Вольга Высокаморная. — Корм, дарэчы, можна заліць цёплай вадой (не кіпенем), каб жывёла крыху сагрэлася.

Яшчэ адзін варыянт «гарачага» — цёплыя кашы. Але яны павінны быць без солі і іншых спецый, бо такія дабаўкі выклікаюць у жывёл парушэнні стрававання. Вельмі небяспечна падкормліваць жывёл рэшткамі з абедзеннага стала, бо такая ежа можа нанесці непапраўную шкоду здароўю нашых меншых братоў.

Маразы да −25°С: як не змерзнуць самому і дапамагчы іншым
Фота: pexels.com, носіць ілюстрацыйны характар

Ці можна пусціць бяздомных жывёл пагрэцца ў падвал?

Адкрываць падвалы для бяздомных жывёл афіцыйна нельга — гэта забаронена пастановай Савета Міністраў № 399. Камунальныя службы не могуць даць на гэта дазвол, нават калі жыхары дома згодныя.

Пры гэтым, як тлумачылі юрысты, адказнасці за разавае адкрыццё падвала, каб пусціць ката ці сабаку пагрэцца, у заканадаўстве няма. Але ўтрымліваць бяздомных жывёл у падвалах нельга — у гэтым выпадку гаворка можа ісці пра парушэнне правілаў карыстання жылымі і дапаможнымі памяшканнямі.

Дапамагчы бяздомным жывёлам можна іншым шляхам: прытуліць іх дома, знайсці часовы дом або ўзгадніць устаноўку хатак у двары з ЖЭС ці таварыствам уласнікаў.

Што рабіць, калі на працы холадна

У Гродзенскім абласным аб’яднанні прафсаюзаў нядаўна адкрылі «гарачую лінію» для работнікаў, калі на працоўным месцы парушаны нормы тэмпературы. Працадаўца абавязаны забяспечваць бяспечныя і камфортныя ўмовы працы, асабліва ў моцныя маразы.

За захаваннем тэмпературнага рэжыму сочыць тэхнічная інспекцыя працы ФПБ, якая правярае вытворчыя і санітарна-бытавыя памяшканні.

Калі ў вас холадна на працоўным месцы, то ў прафсаюзах просяць тэлефанаваць па нумарах 8(0152) 62 44 60 або 8(0152) 62 44 52 (панядзелак–пятніца, з 09:00 да 12:00 і з 14:00 да 17:30).