Маштабную рэканструкцыю пункта пропуску «Каменны Лог» на мяжы з Літвой плануюць пачаць у 2026 годзе. Пра гэта паведаміла БелТА са спасылкай на старшыню Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзіміра Арлоўскага.
Паводле яго слоў, абнаўленне будзе капітальным: плануецца поўная перабудова існуючай інфраструктуры. Новы комплекс будзе разлічаны на значна большы паток аўтамабіляў і пасажыраў — прапускная здольнасць павінна павялічыцца ўтрая.
“За апошнія пяць гадоў у нас адбылася рэканструкцыя 12 пунктаў пропуску. У мінулым годзе скончылі рэканструкцыю ПП “Бераставіца” ў Гродзенскім рэгіёне на польскім напрамку. Зрабілі вельмі своечасова. Менавіта пасля рэканструкцыі польскі бок адкрыў рух“, — звярнуў увагу Уладзімір Арлоўскі.
У пункце пропуску «Каменны Лог» не было рэканструкцыі больш за 20 гадоў і за гэты час ён састарэў. Гэта адзіны не рэканструяваны пагранпераход на мяжы Беларусі і ЕС. Пры гэтым ён застаецца адным з ключавых аўтамабільных пагранпераходаў паміж Беларуссю і Літвой. Усяго на беларуска-літоўскай мяжы працуюць два пункты пропуску з шасці: «Каменны Лог» і «Беняконі». Астатнія чатыры закрыты з літоўскага боку па палітычных прычынах.
Улічваючы маштаб работ, на перыяд будаўніцтва магчымыя часовыя абмежаванні руху. Але дакладнай даты пачатку рэканструкцыі яшчэ не паведамлялі.



