У чатах гродзенскіх школ з’явілася папярэджанне для бацькоў. Адміністрацыя заклікае праверыць, ці ёсць дзеці ў групах “Гродно. Сущность” у розных сацсетках. А таксама пагаварыць са школьнікамі і паведаміць класнаму кіраўніку, калі дзіця знаходзілася ў групе.

Кіраўніцтва і калектыў гімназіі хочуць засцерагчы дзяцей ад кантэнту, “які можа нанесці шкоду іх псіхалагічнаму здароўю і светапогляду”.

Для гэтага бацькі павінны праверыць, на якія акаўнты падпісаны іх дзіця. Даверліва пагаварыць з ім і растлумачыць рызыкі. Праверыць, ці лічыцца школьнік у групе “Гродно. Сущность” або падобных. Калі так — выдаліць усе рэпосты, публікацыі і каментары. І паведаміць пра гэта класнаму кіраўніку.

“Гэта трэба не для пакарання, а для арганізацыі своечасовай дапамогі і індывідуальнай працы з дзіцем у школе”, — запэўнівае адміністрацыя.

Гімназія абяцае расказаць дзецям аб лічбавай пісьменнасці і бяспецы і пракансультаваць бацькоў. З выяўленымі ў канале дзецьмі будуць працаваць індывідуальна.

З чым гэта можа быць звязана

26 студзеня ў Гродне пачало распаўсюджвацца відэа. “Е**ныя дзеткі Гродна. Рыхтуйцеся, я наведаю ўсе е**ныя школьныя ўстановы і заб’ю як мага больш смецця. Я падрыхтаваў свой пісталет, я падрыхтаваў свой нож і падрыхтаваў кучу кактэйляў Молатава ў маім гаражы. Я буду забіваць кожнае дзіця, якога ўбачу”, – кажа на відэа хлопец у абмундзіраванні.

“Гэта віртуальны фэйк, які зладзіла група з Украіны з мэтай запалохаць дзяцей, бацькоў і грамадства ў цэлым. Сітуацыя пад кантролем, усе пагрозы віртуальныя і робяцца для нагнятання абстаноўкі і падбору ахвяр, якія будуць гатовыя “падыграць” замежным інтэрнэт-тэрарыстам”, — паведамілі беларускія сілавікі ў Telegram-канале “Книга ГУ«БАЗА»”.

Яны параілі звярнуць увагу на дзяцей, якія ўдзельнічаюць “у варожых інфармацыйных аперацыях”. Некаторых падлеткаў ужо знайшлі – з імі будуць працаваць. Таксама сілавікі паабяцалі прызнаць выяву перавернутай пентаграмы экстрэмісцкай.

Чытайце таксама: “Хочам, каб перасталі да_бвацца”. Пасля прыходу “ПВК Рёдан” у Беларусь улады ўзяліся за школьнікаў