23-гадовы Герман Маціевіч з Астраўца загінуў на вайне на баку Расіі. На фронце ён правёў каля месяца. Пра яго гібель стала вядома з суполкі «Не жди меня из Украины» — паведамленне пра смерць беларуса з’явілася ў лістападзе 2025 года, паведамляе «Наша Ніва».

Герман Маціевіч нарадзіўся ў 2002 годзе ў Смаргоні, пазней яго сям’я пераехала ў Астравец. Судзячы па інфармацыі з сацыяльных сетак, ён скончыў Маладзечанскі дзяржаўны каледж.

У падлеткавым узросце Маціевіч спрабаваў займацца музыкай пад псеўданімам «Герман Громаў» і захапляўся рэп-культурай: актыўна каментаваў публікацыі ў тэматычных суполках і дзяліўся новымі рэлізамі.

У паўсядзённым жыцці Герман працаваў ахоўнікам. Пэўны час ён працаваў у прыватным ахоўным прадпрыемстве ў Маскве, якое, па яго словах, шанаваў за магчымасць «зарабляць, нічога не робячы».

23-гадовы рэпер з Астраўца загінуў на вайне ва Украіне. Ён нядоўга паваяваў на баку Расіі
Фота з сацсетак, nashaniva.com

Вольны час ён праводзіў за камп’ютарнымі гульнямі — у прыватнасці, у анлайн-шутары Standoff 2, дзе, як пісаў сам, гуляў з 2018 года і быў гатовы траціць грошы на ўнутрыгульнявыя пакупкі. У гульнявых чатах Маціевіч часта паводзіў сябе агрэсіўна, не саромеючыся рэзкіх выразаў і абраз.

У сакавіку ці красавіку 2025 года вырашыў перайсці з віртуальных войнаў на рэальную і пайшоў добраахвотнікам на баку Расіі. Апошні раз ён з’яўляўся ў сетцы 18 красавіка 2025 года, перад гэтым выклаўшы некалькі фота, на якіх ён пазіруе са зброяй.