Уласнік кампаніі «Контэ Спа» Валянцін Байко папрасіў Польшчу зняць з яго забарону на ўезд, але атрымаў адмову. Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі не знайшло падстаў для адмены абмежаванняў. На польскім дзяржаўным партале прыводзіцца абгрунтаванне гэтага рашэння, заўважыла выданне MOST.
17 снежня 2025 года ў МУСіА Польшчы паступіла заява ад юрыдычнай фірмы ў Бухарэсце (Румынія). Яна ад імя Валянціна Байко прасіла выключыць яго даныя з Шэнгенскай інфармацыйнай сістэмы. Бізнесмен сцвярджаў, што ўнясенне яго ў спіс непажаданых асоб незаконнае, бо нібыта адсутнічае абгрунтаванне пагрозы, якую ён уяўляе.
Байко заявіў, што санкцыі — гэта дыскрымінацыя за яго парламенцкую дзейнасць і палітычную прыналежнасць і што абмежаванні негатыўна адбіваюцца на яго асабістым і прафесійным жыцці.
Кіраўнік МУСіА звярнуўся за ацэнкай у ABW. У ведамстве палічылі, што няма падстаў паслабляць альбо адмяняць абмежаванні супраць Байко, бо ён па-ранейшаму мае моцныя сувязі з рэжымам Лукашэнкі як у палітычнай, так і ў бізнес-сферы.
Міністр унутраных спраў і адміністрацыі пагадзіўся з ацэнкай ABW і пакінуў у сіле забарону ўезду для Валянціна Байко.
За што на Валянціна Байко наклалі санкцыі
Нацыянальныя санкцыі супраць гродзенскага бізнесмена Байко 29 мая 2023 года ўвёў кіраўнік МУС Польшчы па заяве кіраўніка Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW).
Падставай паслужыла членства Байко ў Савеце Рэспублікі. На гэтай пасадзе бізнесмен удзельнічаў, як паведамляецца ў дакуменце, у прыняцці законаў, якія абмяжоўваюць правы і свабоды грамадзян Беларусі, у тым ліку польскай меншасці. Напрыклад, узмацненне ціску ў Беларусі на польскія арганізацыі і школы, а таксама абвінавачанні польскіх актывістаў у «рэабілітацыі нацызму».
Адзначаецца, што ўезд і знаходжанне ў Польшчы Байко ўяўляюць пагрозу бяспецы дзяржавы.
Актывы бізнесмена ў Польшчы былі замарожаныя, а яго самога ўнеслі ў спіс асоб, непажаданых на тэрыторыі краіны. Польшча ўнесла даныя Байко ў Шэнгенскую інфармацыйную сістэму (SIS II), што робіць для яго немагчымым наведванне любой з краін Шэнгенскага пагаднення.
Валянцін Байко — старшыня агульнага сходу ўдзельнікаў «Контэ Спа». Нарадзіўся ў Гродне ў 1969 годзе. Скончыў ГрДУ імя Янкі Купалы. Па адукацыі — настаўнік пачатковых класаў і музыкі. Жаніты, мае двух сыноў і дачку.
Кампанія «Контэ Спа» была заснавана ў 1997 годзе ў Гродне. За 24 гады фірма выйшла на лідзіруючую пазіцыю па вытворчасці адзення, бялізны, панчошна-шкарпэтачных вырабаў ва Усходняй Еўропе. Валянціна Байко ў 2017 годзе занеслі ў Кнігу славы Гродна.
Валянцін і яго брат Дзмітрый шмат гадоў уваходзяць у спіс 100 самых уплывовых і паспяховых беларусаў.


