Да 2030 года на філіяле “Хімвалакно” рабатызуюць этапы ўпакоўкі і транспарціроўкі прадукцыі. А мадэрнізаваць “Гродна Азот” будуць у два этапы – інвестыцыйныя праекты ўключылі ў сацыяльна-эканамічную праграму развіцця краіны. Аб планах па мадэрнізацыі завода піша «Нефтехимия».
Апошнюю рэканструкцыю аміячнага цэха сумясцілі з капітальным рамонтам завода. Цэх абнаўлялі для павелічэння магутнасці выпуску аміяку на 45%. Яго не спынялі падчас рамонту.
Завод чакае два этапы мадэрнізацыі. Першы плануюць правесці з 2025 да 2030 года. За гэты час хочуць абнавіць цэхі аміяк-4 і аміяк-3. Іх магутнасці павялічацца да 1750 тон у суткі ў кожным з іх. Аб’ёмы вытворчасці цэха карбамід-2 вырастуць з 1050 да 1 200 тон за суткі. Да 2030 года аб’ём вытворчасці павялічыцца да 117,5% ў параўнанні з 2025 годам.
Падчас другога этапу – яго тэрміны пакуль не агучылі – плануюць пабудаваць агрэгат вытворчасці нітрату амонію.
Як падаражэла вытворчасць ва ўмовах санкцый?
Падчас рэканструкцыі завод сутыкнуўся з “пагаршэннем умоў гаспадарання, змяненнем кан’юнктуры рынку і нестабільнасцю ўмоў крэдытавання” ў банках, адзначыў галоўны энергетык “Гродна Азот” Аляксей Іваноў. Падаражэла і галоўная сыравіна завода – прыродны газ.
Заводу прыйшлося пераарыентавацца – цяпер угнаенні пастаўляюць у «краіны далёкай дугі [так у МЗС Беларусі называюць краіны Лацінскай Амерыкі, Азіі і Афрыкі] праз расійскія парты». Гэта павялічыла лагістычныя выдаткі ў 2,5-3 разы.
Па тэме: Як “Хімвалакно” гандлюе з Расіяй і Еўрасаюзам у абыход санкцый
Як рэканструююць «Хімвалакно»?
У 2026 у філіяле хочуць рэалізаваць чатыры праекты ў цэху па вытворчасці пластычных мас. Мадэрнізуюць вытворчасць суперканцэнтратаў фарбавальнікаў, каб знізіць “імпартны складнік” пры выпуску прадукцыі. Усталююць лінію па выпуску палімерных кампазіцыйных матэрыялаў. Мадэрнізуюць вытворчыя памяшканні будынка і ўсталююць лінію па перапрацоўцы кудзелістых адходаў.
У 2030 годзе хочуць рабатызаваць этап транспарціроўкі і ўпакоўкі прадукцыі. Гэта аўтаматызуе ручную працу і дазволіць перавесці работнікаў з пагрузачных аперацый на іншыя ўчасткі.
Чытайце таксама: На “Гродна Азот” не дасягнулі запланаванага аб’ёму інвестыцый


