Гарадская гульня, якая прапануе на некалькі гадзін вярнуцца ў атмасферу 1990-х, пройдзе ў самым цэнтры Беластока 31 студзеня. Аўтары гульні — гродзенцы — прапануюць успомніць часы, калі горад выглядаў зусім інакш, а паездкі праз мяжу былі штодзённай справай.

Беласток 90-х быў не толькі адміністрацыйным цэнтрам Падляшша, але і вялікім памежным вузлом. Сюды ехалі з Гродна і ваколіц — па тавары, валюту, кантакты і адчуванне Еўропы, якое пачыналася адразу за шлагбаумам.

Што чакае ўдзельнікаў гульні

Месцам гульні стане тэрыторыя каля гандлёвай галерэі “Юравецкая”Сёння гэта сучасная гандлёвая прастора, а калісьці гэта быў адзін з самых шумных і нефармальных пунктаў на мапе горада.

Менавіта тут працаваў кірмаш кантрабандыстаў, дзе можна было:

  • купіць цыгарэты і спірт,
  • абмяняць валюту «без папераў»,
  • дамовіцца пра перавоз тавараў праз мяжу,
  • знайсці джынсы, курткі і духі, якіх не было ў звычайных крамах,
  • пачуць навіны хутчэй, чым па тэлевізары.

Гэта было месца сустрэчы гарадскіх легенд, чутак і выпадковых знаёмстваў. Месца, дзе фармаваўся вобраз Беластоку 90-х — хаатычнага, гандлёвага, шматмоўнага і вельмі жывога.

Падчас гульні ўдзельнікі пройдуць па лакацыях, якія захавалі памяць пра тую эпоху, і пачуюць гісторыі пра горад у момант пераходу — ад савецкай спадчыны да новай рэальнасці.

Асобнай часткай прагулкі стане музыка 90-х — тая самая, што гучала з касетнікаў, рынкавых палатак і аўтобусаў: ад еўрадэнсу да хітоў, якія ведалі і ў Беластоку, і ў Гродне, і далёка за межамі былога СССР.

Чытайце таксама: Як гродзенцы запусцілі ў Беластоку гарадскі квэст

Як паўдзельнічаць

Гульню праводзіць каманда праекта «Пехатой па Беластоку», якая даследуе горад праз вулічную памяць, забытыя гісторыі і месцы, што не трапляюць у турыстычныя даведнікі.

Падрабязнасці пра час і месца сустрэчы, а таксама ўмовы ўдзелу – у Telegram-канале праекта: https://t.me/walkinbialystok

Удзел у гульні будзе цалкам бясплатны.

Найлепшыя тры каманды атрымаюць прызы: кнігі пра таямніцы гісторыі Беластока на польскай мове, цікавыя кнігі на беларускай мове, настольныя гульні і салодкія падарункі.

Акрамя таго, усе каманды без выключэння атрымаюць сувеніры ад крамы «Padpolszczyki».

Спонсар гэтай гарадской настальгічнай прыгоды — гродзенскі партал Hrodna.life, які ўжо шмат гадоў распавядае пра жыццё па абодва бакі мяжы.