У Гродзенскай вобласці вадаёмы будзе абследаваць падводны робат. Яго ўжо пратэставалі на Гродзенскай ГЭС. Дрон можа працаваць як у аварыйна-выратавальных і пошукавых аперацыях на вадзе, так і ў энергетычнай сферы. Пры гэтым з усіх абласных арганізацый АСВОД падводны дрон ёсць толькі ў гродзенцаў.
26 студзеня 2026 года працу падводнага дрона CHASING M2 PRO у палявых умовах правяралі спецыялісты Гродзенскай абласной арганізацыі АСВОД і РУП «Гроднаэнерга». Робат спрашчае працу выратавальнікаў на вадзе і дапамагае абследаваць прамысловыя канструкцыі або часткі будынкаў пад вадой, паведамляе сайт proregion24.by.
«Гэта вялікі крок наперад для бяспекі на водах. Туды, куды раней апускаліся вадалазы, цяпер можна адправіць падводны дрон», — распавяла прадстаўніца Гродзенскай абласной арганізацыі АСВОД Аліна Кабылянская.

Як працуе падводны дрон
Падводны дрон працуе на глыбіні да 150 метраў і кіруецца праз кабель даўжынёй 200 метраў. Ён утрымлівае зададзеную глыбіню і застаецца стабільным нават на плыні. Пражэктар на 12 000 люмен забяспечвае бачнасць у цемры і мутнай вадзе, а рука-захоп паднімае і фіксуе аб’екты. На платформу таксама можна ўсталяваць лазерны далямер, сонар (гукавы лакатар падводных аб’ектаў) і сістэму падводнага пазіцыянавання.

Абследаванне абсталявання Гродзенскай ГЭС
Для сферы энергетыкі падводны дрон можа абследаваць Гродзенскую ГЭС: спецыялістам важна ведаць, у якім стане знаходзяцца падводныя часткі гідратэхнічнага збудавання.
За 14 гадоў працы станцыі правялі тры поўныя падводныя абследаванні з удзелам розных арганізацый, у тым ліку АСВОД. Абследаванне складанае: пад вадой вялікія збудаванні, а глыбіня вадасховішча дасягае 15 метраў. Для такіх праверак і будуць выкарыстоўваць дрон.
Сумесныя выпрабаванні падводнага дрона на Гродзенскай ГЭС адкрываюць новыя магчымасці для маніторынгу і дыягностыкі станцыі, паведамляе намеснік галоўнага інжынера па электратэхнічнай частцы РУП «Гроднаэнерга» Аляксандр Гундар.

Памочнік вадалазаў, але не замена чалавеку
У межах падрыхтоўкі да паводкі, а заадно і тэставых выпрабаванняў, з дапамогай робата правяралі засаўкі водазліўнай плаціны — ці ёсць на іх наледзь. Спецыялістам трэба было зразумець, ці можна проста падняць гэтыя засаўкі для пропуску лішняй вады, падтрымліваючы ўзровень Нёмана, ці трэба будзе спачатку зчышчаць лёд. У выніку аказалася, што лёду на засаўках не было, іх паднялі.
Аліна Кабылянская падкрэсліла, што падводны дрон таксама стане важным элементам пры правядзенні аварыйна-выратавальных і пошукавых работ на вадаёмах, ён стане памочнікам вадалазаў. Аднак цалкам замяніць чалавека ён не зможа, лічыць спецыяліст.



