Гродзенцы, нягледзячы на траўманебяспечнае надвор’е, весяляцца ў сацсетках. Яны праводзяць пераклічкі: хто колькі разоў упаў, хто здолеў дабрацца да працы. Аўтамабілісты паказваюць фокусы: апускаюць шкло і паказваюць яшчэ адно — ледзяное. А хтосьці распавядае пра сур’ёзныя праблемы – напрыклад, чэргі да траўматолага.

“Я прашу прабачэння, а хто заліў ноччу па ўсім Гродне каток? ГЭТА ПІ*ДЕЦ!😬 Зычу ўсім цэлых рук і ног🙏 🏽”, — піша гродзенка. У каментарах яна адзначае, што 50 метраў ішла 20 хвілін, а да траўматолага ўжо стаяць чэргі. Каментатарка радуецца, што ёй нікуды не трэба.

“Гэта проста капец!!! Прайшла пешшу 2.5 км, у тым ліку і праз два выканкамы! Ніводнага дворніка, ніводнай пасыпкі саляна-пясковай сумессю! Нічога!!! Што за цырк?! Што за “клопат пра насельніцтва”?! Толькі не кажыце, што ніхто не ведаў, што будзе. Я нават грукнулася, але без наступстваў асабліва”, — скардзіцца на службы карыстальніца Threads.

“Дворнікі, дарэчы, пасыпаюць. Проста пытаўся – ужо пясок скончыўся. Учора пасыпалі ўсе двары, на сёння ўжо тупа не хапіла. А новага яшчэ не прывезлі”, – адказвае ёй гродзенец. Гэта пацвярджае і іншы карыстальнік, які гутарыў з камунальнікамі.

Камусьці пяску ўсё ж хапіла: “Гродна, як сёння дакаціліся? Дзякуй вялікі нашаму дворніку, што ўсе пасыпаў пяском і пакуль астатнія двары каціліся, мы спакойна выйшлі з хаты”.

“Не на*бніцеся, калі ласка”

Жыхарка горада мяркуе, што да працы сёння даедуць толькі самыя моцныя. Аўтамабілісты адзначаюць, што самі дарогі чыстыя — праблема хутчэй з ходнікамі.

“Выйшла з пад’езда з сабакамі, нават да сметніцы не дайшла, упала. Я баюся ўявіць, што робіцца на дарогах. Беражыце сябе!”,- піша гродзенка.

Іншая карыстальніца выхваляецца, што ні разу не ўпала. “Моцная. Я 2 разы грымнуўся”, – пішуць ёй. “Пакуль дайшла з працы дадому, раз 20 навярнулася, і адзін раз усё ж упала і смяялася”.

“Не на*бніцеся, калі ласка”, – клапатліва просіць гродзенец. “Ужо) добра што толькі 5 прыступак праляцеў)” і “Менавіта гэта я і зрабіла сёння 😣Рука баліць” — адказваюць яму.

“Гродзенцы, вы неймаверныя”

Ёсць і нечаканыя праблемы: “Мне асабліва спадабаўся відок сабачых 💩 “у глазуры”. Зваліцца не давялося, праўда, мае 15 хвілін да працы ператварыліся ў 25″.

Адна гродзенка давяла сына ў садок і дабіралася на працу не пешшу, а на таксі. Мяркуючы па скрыншотах, цэны ўзляцелі ў некалькі разоў.

Гродзенцы прымудраюцца знаходзіць пазітыў у сітуацыі: «Раніца ў Гродне называецца “даехала на працу на нагах”, як той казаў, дзякуй, што цэлы. Чалавек, які ішоў са мной, трымаючыся за плот, калі вы гэта чытаеце, то дзякуй Вам за падтрымку. Такая раніца аб’ядноўвае народ”.

“Дабралася, быў сапраўдны квэст. Самае прыемнае: усе адзін аднаму дапамагалі, працягвалі рукі, падтрымлівалі. Гродзенцы, вы неймаверныя❤️”.