У Беларусі ёсць пяць гарадоў, насельніцтва якіх за апошнія гады вырасла. Прыкметна, што акрамя Мінска, які ўваходзіць у гэты спіс, усе гарады, што растуць, размешчаны на захадзе краіны. Гэта Брэст, Гродна, Ліда і Кобрын.
Паводле даных аналітычнага сайта ThinkTanks.pro, найбольш дынамічна растуць буйныя гарады заходняга рэгіёна — Брэст (4,8%) і Гродна (3,9%). На трэцім месцы Ліда, у якой значны прырост насельніцтва для раённага цэнтра — 2,5%.
Верагодна, гэта звязана з тым, што заходнія тэрыторыі менш урбанізаваныя, чым усходнія — там па-ранейшаму высокі працэнт сельскага насельніцтва, якое працягвае пераязджаць у гарады. Урбанізацыя ў Беларусі ішла хуткімі тэмпамі ў канцы савецкай эпохі і напачатку незалежнасці: людзі актыўна перасяляліся з вёсак у гарады, і колькасць гарадскога насельніцтва расла імкліва.
Сучасныя тэндэнцыі і скарачэнне насельніцтва
Сёння працэс урбанізацыі амаль спыніўся. На змену яму прыйшоў іншы, больш трывожны трэнд — агульнае скарачэнне насельніцтва краіны. На вёсцы гэта прывяло да дэпапуляцыі, а рост гарадоў запаволіўся.
У 2022 годзе насельніцтва Беларусі складала 9 255,5 тыс. чалавек: з іх 7 232,1 тыс. — гарадскія жыхары і 2 023,4 тыс. — сельскія. У 2024 годзе колькасць зменшылася да 9 156 тыс. (7 198,3 тыс. і 1 957,7 тыс. адпаведна), а ў 2025 годзе паказчык склаў 9 109,3 тыс. чалавек.
Самы востры перыяд крызісу доўжыўся з 2020 па 2023 год: за гэтыя тры гады нават у Мінску насельніцтва штогод не павялічвалася, а скарачалася. Пазней у сталіцы і пяці абласных гарадах (акрамя Магілёва) зноў назіраўся слабы рост.
Таксама магчыма, што заходнія гарады для беларусаў больш прывабныя, чым усходнія.
Беларусы мігрыруюць на захад?
Тэндэнцыя прыросту насельніцтва ў Гродне, Брэсце і Лідзе адзначалася і раней. У 2019 годзе ў Гродне пражывала 355,9 тыс. чалавек, у 2025 — 363,7 тыс.. У Лідзе колькасць насельніцтва за шэсць гадоў павялічылася са 102,7 тыс. да 103,3 тыс.
Гродна — горад для жыцця
У 2023 годзе Гродна заставаўся ў топе найлепшых гарадоў для жыцця паводле вынікаў даследавання «Цэнтра новых ідэй». Па выніках 2022 года Гродна ўтрымліваў другое месца сярод гарадоў Беларусі з найбольш устойлівым і пры гэтым дынамічным жыццём. Праўда, горад вылецеў з дзясяткі гарадоў з найлепшай эканамічнай сітуацыяй і трапіў у антылідары краіны па рэпрэсіях у дачыненні да гараджан.



