Дзмітрый купіў былы езуіцкі калегіум на аўкцыёне за 300 руб у 2023 годзе. Цяпер мужчына робіць там рамонт па ўмовах аўкцыёну, ён павінен цалкам рэканструяваць будынак. Паралельна ў сценах калегіума праводзяць выставы сучасных мастакоў працы для экспазіцыі адбірае сам Дзмітрый, піша «Гродзенская праўда». 

Езуіцкі калегіум у Жодзішках Смаргонскага раёна пабудавалі ў XVIII стагоддзі. Пасля частку калегіума перарабілі пад палац, які ў наступныя гады належаў Патоцкім, Ласкарысам і Мілашэўскім. У савецкія гады ў будынку знаходзілася псіхіятрычная клініка. У 2019 здарыўся пажар — будынак закрылі і ў 2023 годзе выставілі на аўкцыён.

У лот апроч галоўнага будынка ўваходзіла 1,5 га зямлі і гаспадарчыя пабудовы, збудаваныя на тэрыторыі былога калегіума. Будынак з малатка Дзмітрый купіў у апошні момант — кажа, шукаў «тое самае месца».

— Паглядзіце на падмурак левага крыла адміністрацыйнага корпуса. Гэтыя камяні памятаюць яшчэ езуітаў. Раней яны пачалі будаваць тут касцёл, але ордэн распусцілі, і будоўля замерла на 200 гадоў. Толькі ў савецкі час гэты наймагутны падмурак выкарыстоўвалі, каб узвесці адміністрацыйны будынак. Неверагоднае спляценне эпох, — кажа Дзмітрый.

Пакуль ідзе рамонт, Дзмітрый абсталяваў сабе пакой прама ў будынку. Мужчына адзначае, што ў былы калегіум пастаянна прыязджаюць людзі, у тым ліку з-за мяжы. Кожны знаходзіць тут нешта сваё, дадае ён.

Галерэя мастакоў, якія не выстаўляліся

Дзмітрый упэўнены, што будынак «ідэальна падыходзіць для канцэпцыі», якую ён задумаў.

– Я хацеў, каб тут атрымалі шанец тыя, хто ніколі не выстаўляўся і нават баяўся пра гэта падумаць. Вось, паглядзіце на працы мужчыны з Салігорску. Ён кожны дзень спускаецца ў шахту, у цемру, а калі вяртаецца дадому, то піша гэтыя палотны. Яго карціны зараз тут, на першым паверсе, — кажа мужчына. 

Дзмітрый асабіста адбірае працы для экспазіцыі. Іх выстаўляюць па ўсёй тэрыторыі былога калегіума.

Першая выстава пад назвай “Вобраз” працуе ў выходныя з 12.00 да 18.00. Уваход бясплатны. Звязацца з уладальнікам можна праз Instagram-акаўнт праекта. 

Чытайце таксама: Таямніцы без замкоў. 7 гісторый, схаваных за дзвярыма гістарычных будынкаў Гродна