Беларуская мастачка Дзіна Макарэвіч у снежні 2025 года паведаміла, што рэстаран The Cult у Гродне выкарыстоўвае яе карціны для ўпрыгожвання інтэр’еру, а не для продажу, як яны дамаўляліся. Праз месяц канфлікт скончыўся – карціны вярнуліся мастачцы.

“Дзякуй усім, хто падтрымаў мяне пад постам пра беларускі бізнэс у Гродне. Ідэя здзелкі была ў тым, каб карціны прадаваліся і наведвальнікі рэстарана ведалі б пра гэта. Але ўладальніца ўстановы проста вярнула іх мне”, – напісала Дзіна.

Па словах мастачкі, першапачаткова рэстаран The Cult узяў некалькі яе карцін, каб павесіць у зале. Аплата за такую арэнду не была прадугледжаная, бо мастачцы казалі, што іх прададуць.

Але ніякіх таблічак аб продажы пад карцінамі так і не з’явілася. Уладальніца рэстарацыі Ірына Звонка сцвярджала, што вырабіць шыльды ў Беларусі складана. Выкупляць іх яна таксама не стала. Пасля публічнага посту ў Threads супрацоўніцтва бізнесу і мастачкі скончылася.