Бізнес-апартаменты пабудуюць на ўчастку па вуліцы Будзённага 42-44. Плануецца, што там з’явіцца чатырохпавярховы будынак з паркоўкай. На сайце Гродзенскага гарвыканкама апублікавалі чарцяжы будучых апартаментаў.
Як будуць выглядаць апартаменты на Будзённага?
Паводле справаздачы АУНА, фасад будынка пакрыюць тынкоўкай. Сцены, адхоны і цокаль аздобяць керамічнай пліткай. Некаторыя элементы будынка пакрыюць керамагранітам цёмна-шэрага колеру.
Усталююць ПВХ-вокны, а ўваходныя зоны зробяць празрыстымі — усталююць шкло. Дах пакрыюць палімерным пакрыццём.



У Г-падобным будынку будзе чатыры паверхі, а таксама цокаль. Плануюць пабудаваць паркоўку на 47 месцаў і разваротную пляцоўку для машын. Верагодна, для наведвальнікаў прадугледзяць некалькі ўваходаў — з паўднёвага, паўночнага і заходняга бакоў будынка. Унутры пабудуюць два ліфты.
На першым паверсе бізнес-апартаментаў з’явяцца магазіны нехарчовых тавараў і санвузлы. На цокалі размесцяць тэхнічныя памяшканні і кладоўкі.
Як гродзенцы могуць выказаць сваё меркаванне аб праекце?
Грамадскія абмеркаванні праекта АУНА працягнуцца з 21 студзеня па 21 лютага 2026 года. Гараджане могуць азнаёміцца з праектам на сайце Гродзенскага гарвыканкама.
Выказаць заўвагі і прапановы па справаздачы можна:
- У Гродзенскім гарвыканкаме ([email protected]).
- У ТАА «Астострой» ([email protected]).
На ўчастку мог з’явіцца гатэль ад французскай кампаніі
Участак на Будзённага 42-44 знаходзіцца на месцы першай Гродзенскай электрастанцыі. У 2009 годзе яе разбурылі, тэрыторыя пуставала. У 2016-2017 гадах тагачасны старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой казаў, што на гэтым участку неўзабаве пабудуюць гатэль Ibis французскай кампаніі Accor hotels. Але праект так і не рэалізавалі.
У лютым 2019 праходзілі грамадскія абмеркаванні: на ўчастку планавалі пабудаваць офісны цэнтр, а ў перспектыве разглядалі будаўніцтва гасцініцы і студэнцкага інтэрната.
Улетку 2023 участак выставілі на аўкцыён.
Як зменіцца вуліца Будзённага?
Пра тое, што на Будзённага, 44 з’явіцца гандлёвы аб’ект, стала вядома ў жніўні 2022. Тады ўлады зацвердзілі дэталёвы план гістарычнага цэнтра Гродна. Згодна з планам, будоўлю на Будзённага, 44 уключылі ў першы этап, які доўжыўся да 2025 года. А да 2030 года плануюць пабудаваць культурны цэнтр па вуліцы Будзённага 54А і 54Б.



