Урад Беларусі зацвердзіў дзяржпраграму «Турызм» на 2026–2030 гады. З яе дапамогай хочуць павысіць уклад турызму ў эканоміку краіны і рэгіёнаў. Усяго рэалізуюць 130 інфраструктурных праектаў на 1,78 млрд рублёў. Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела, што для развіцця турызму зробяць у Гродзенскай вобласці ў наступныя пяць гадоў і колькі грошай хочуць выдаткаваць.

Зараз, згодна з дакументам, сфера турызму ў Беларусі сутыкаецца з шэрагам праблем. Напрыклад, не хапае сучасных гасцініц і камфортных месцаў для пражывання. Асабліва гэта адчуваецца ў гістарычна і прыродна значных раёнах. Яшчэ адна прычына — непрацуючыя памежныя пункты.

Таксама ў Беларусі — аднастайныя турыстычныя маршруты без арыгінальных аўтарскіх праграм.

Сярод негатыўных фактараў — моцная залежнасць ад летняга сезона і святаў, з-за чаго аб’екты размяшчэння загружаюцца нераўнамерна. Не хапае кваліфікаваных кадраў і маркетынгу. Няма абавязковых стандартаў якасці і сертыфікацыі гасцініц. У нацыянальнага турыстычнага брэнда — слабая пазнавальнасць. Акрамя таго, назіраецца высокая канкурэнцыя на міжнародным рынку турызму.

Яшчэ ў Беларусі няма адзінай платформы для анлайн-браніравання. Турысты выкарыстоўваюць для гэтага замежныя сістэмы.

Гэтыя праблемы і хочуць вырашаць у наступныя пяць гадоў у Беларусі і ў Гродзенскай вобласці.

Што зробяць у Гродзенскай вобласці?

З 2026 па 2030 год у Гродзенскай вобласці запланавалі 18 інвестыцыйных праектаў. Яны ўключаюць будаўніцтва новых аб’ектаў і мадэрнізацыю існуючых.

Напрыклад, прадугледжана рэканструкцыя санаторыя «Нёман-72». Там мадэрнізуюць лячэбны корпус і дахі на суму 7,5 млн рублёў. Гэтыя грошы возьмуць з уласных сродкаў. Філіял санаторыя «Энергетык» (РУП «Гроднаэнерга») мадэрнізуюць на 4,3 млн рублёў за кошт крэдытаў.

У планы да 2028 года ўнеслі ўвод у эксплуатацыю былога піўзавода і рэстаўрацыю палаца Масальскіх на Замкавай. На турбазе «Хімік» пабудуюць пяць аднапавярховых домікаў. А на тэрыторыі ўрочышча «Гутка» ў Слонімскім раёне — гасцявы дом.

Таксама хочуць пабудаваць зону адпачынку з адкрытым басейнам і СПА-комплекс у санаторыі «Азёрны». Там жа мадэрнізуюць спальныя карпусы. У санаторыі «Радуга» ў Лідзе стане больш нумароў і з’явіцца новы фасад.

Экалагічныя сцежкі і мадэрнізацыя заправак

Экалагічныя сцежкі абсталююць у Ваўкавыскім, Зэльвенскім і Шчучынскім раёнах. У Астравецкім раёне зробяць лодачную стаянку.

Плануюць абнавіць і мадэрнізаваць дзве запраўкі на трасе М-11 (мяжа Літвы – Ліда – Слонім – Быцень), а таксама на трасе Р-99 (Баранавічы – Ваўкавыск – Пагранічны – Гродна) і на М-6 (Мінск – Гродна – мяжа Польшчы).

Эко-тропа в Зельвенском районе
Эка-сцежка ў Зэльвенскім раёне. Фота: grodnonews.by

Адкрыццё і мадэрнізацыя гасцініц у Гродне і Лідзе

У Гродне пасля рэканструкцыі адкрыюць гасцініцу «Нёман» (зараз яна ўжо працуе ў тэставым рэжыме). Гасцініцу «Турыст» на праспекце Янкі Купалы мадэрнізуюць.

У Лідзе абновяць гасцініцу «Ліда» і адкрыюць там рэстаран для абслугоўвання турыстаў.

У Міры пабудуюць трохзоркавую гасцініцу з аб’ектам харчавання ў межах рэстаўрацыі палаца Святаполк-Мірскіх.

Што па грошах?

У Гродзенскай вобласці на развіццё турызму з 2026 па 2030 гады плануюць накіраваць 56,5 млн рублёў уласных сродкаў. Таксама праз Нацыянальнае агенцтва па турызме з рэспубліканскага бюджэту ў Гродзенскую вобласць накіруюць прыкладна 2,46 млн рублёў.

Запланаваны і крэдыты ў памеры 16,3 млн рублёў. Па падпраграме «Маркетынг турыстычных паслуг» Гродзенскі аблвыканкам плануе выдаткаваць на прасоўванне турыстычнага патэнцыялу вобласці ў 2026–2030 гадах каля 1,65 млн рублёў з мясцовага бюджэту.

На «Лічбавы турызм» за пяць гадоў Гродзенскі аблвыканкам плануе выдаткаваць прыкладна 0,36 млн рублёў з мясцовага бюджэту.

Якія кірункі ў Гродзенскай вобласці будуць развіваць?

У Гродзенскай вобласці плануюць развіваць два асноўныя кірункі турызму.

Першы — гісторыка-культурны турызм. Стаўку зробяць на вядомыя славутасці Гродна (Стары і Новы замак, касцёл Святога Францішка Ксаверыя, Каложская царква, пажарная каланча), а таксама Навагрудак, Лідскі замак, замкавы комплекс «Мір» і іншыя аб’екты рэгіёна.

Другі — экалагічны і актыўны турызм. Будуць развівацца маршруты і экасцежкі ў рэспубліканскім ландшафтным заказніку «Азёры», на Аўгустоўскім канале, уздоўж ракі Нёман, а таксама веласіпедныя маршруты і іншыя прыродныя аб’екты.

Што па гасцініцах і аб’ектах размяшчэння ў Гродзенскай вобласці?

Згодна з дакументам, у 2025 годзе ў гасцініцах і іншых аб’ектах Гродзеншчыны размяшчалі 325,4 тысяч чалавек.

У 2026 годзе чакаецца, што за год у рэгіёне будуць размяшчаць ужо 371 тыс. турыстаў, а да 2030 года іх колькасць вырасце да 580 тыс. чалавек.

Нумарны фонд гасцініц, санаторыяў і пансіянатаў павялічыцца больш чым на 50 % да 2030 года ў параўнанні з 2025 годам.

У Міры — гасцініца, у Астраўцы — лодкі. Як у Гродзенскай вобласці збіраюцца развіваць турызм у бліжэйшыя пяць гадоў
Пераназваная гасцініца “Беларусь”. Фота: Instagram Віталя Дзярнейкі

Што можа пайсці не так?

У дакуменце сярод іншага распісаны рызыкі, якія могуць запаволіць выкананне праграмы развіцця турызму. Гэта:

  • недахоп інвестыцый;
  • нехапака кваліфікаваных кадраў;
  • адсутнасць новых турыстычных прадуктаў;
  • адток спецыялістаў за мяжу.

Канкурэнцыя з суседнімі краінамі і геапалітычная нестабільнасць могуць знізіць паток замежных турыстаў. Эканамічныя крызісы і нізкі рост даходаў насельніцтва могуць паменшыць як уязны, так і ўнутраны турызм.

Таксама на турызм у Беларусі могуць уплываць прыродныя катаклізмы і змены клімату.

Таму рэалізацыя праграмы можа быць выканана толькі на 50–60 %, а экспарт турыстычных паслуг — на 35 % ад запланаванага.