Медыкі Гродзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы фіксуюць рост траўматызму. Таму горкі, дзе часцей за ўсё здараюцца траўмы, пасыпаюць спецыяльным пакрыццём – скаціцца з іх больш не атрымаецца, паведамляе «Гродна Плюс».
Напрыклад, засыпаюць горку на вуліцы Багушэвіча, 4. Паводле інфармацыі тэлеканала, менавіта тут дарослыя і дзеці часцей за ўсё атрымлівалі траўмы. Астатнія горкі, дзе людзі траўміраваліся, таксама зробяць непрыдатнымі для катання – пасыпяць спецыяльнай сумессю.
Больш за 80 дзяцей пацярпелі ад цюбінгаў, каля 130 — ад галалёду
У студзені ў траўмапункт Гродзенскай абласной дзіцячай бальніцы звярнуліся больш як 200 дзяцей. З іх 130 атрымалі траўмы з-за галалёду, яшчэ 80 – калі каталіся на санках і цюбінгах.
Сярод самых частых траўм — пераломы прамянёвай косткі і ніжніх канечнасцяў, ЧМТ, а таксама траўмы верхніх канечнасцяў.
«Сустракаюцца дзеці, якія атрымалі цяжкія траўмы — яны патрабуюць аператыўнага лячэння ў стацыянары і далейшага назірання лекараў», — кажа траўматолаг-артапед Гродзенскай абласной дзіцячай лякарні Павел Ложко.
Чытайце таксама: У Гродне 50 дзяцей патрапілі ў шпіталь пасля катання з горак



