Каб аплаціць паездку, гараджанам трэба прыкласці транспартную карту да валідатара. Вынік адлюструецца на дысплеі — ён паведаміць, ці прайшла аплата. Падрабязную схему бескантактнай аплаты праезду апублікавалі на сайце аўтобуснага парка Гродна.
Як працуюць гродзенскія валідатары?
Паўторнага спісання грошай з карты не здарыцца — валідатар распазнае, што пасажыр ужо прыкладаў карту. На экране высвеціцца інфармацыя, што праезд ужо аплачаны. Калі па нейкай прычыне плацёж не пройдзе, валідатар засвеціцца чырвоным, а на экране з’явіцца прычына адмовы.
Калі ў аўтобус зойдуць кантралёры, аплаціць праезд не атрымаецца — валідатары будуць заблакаваныя.
Дзе купіць праязныя?
Карты для бескантактавай аплаты праезду прадаюць на вул. Перамогі, 16 і на вул. Касманаўтаў, 66 — там жа можна праверыць або папоўніць баланс праязнога. Закладны кошт карты — 4,28 руб. Кошт праезду застанецца ранейшым.
Па тэме: Гродзенскі аўтобусны парк вызначыўся з дызайнам праязных
Электронныя праязныя для грамадскага транспарту Гродна пачалі закупаць у жніўні 2025 — на гэта выдаткавалі 20 тыс. руб. Усяго планавалі набыць 100 тыс. бескантактавых смарт-карт.
У тым жа годзе Аўтобусны парк закупіў абсталяванне для бескантактавай аплаты, а пасля — пачаў яго паступова ўсталёўваць.



