Рэгістрацыя хатніх сабак і катоў — абавязковая працэдура, якая займае мінімум часу і праводзіцца бясплатна. Дзяржаўнае выданне «Гродзенская праўда» нагадала, як зарэгістраваць хатнюю жывёлу, а рэдакцыя Hrodna.life паглядзела, якія змены наконт утрымання жывёл уступілі ў сілу ў гэтым годзе.
Як зарэгістраваць хатніх жывёл
Згодна з Правіламі ўтрымання хатніх сабак і катоў, уладальнікі абавязаны зарэгістраваць гадаванца на працягу трох дзён з моманту яго набыцця. Шчанюкоў і кацянят неабходна паставіць на ўлік у узросце ад 3 да 3,5 месяца.
Для рэгістрацыі ўладальніку трэба звярнуцца ў службу «Адно акно» па месцы жыхарства і выбраць адміністрацыйную працэдуру 17.7 — «Рэгістрацыя сабак, катоў з выдачай рэгістрацыйнага пасведчання і жэтона».
Працэдура нескладаная і не патрабуе аплаты. Даныя пра гадаванца ўносяцца ў базу на працягу аднаго рабочага дня.
На месцы ўладальніку неабходна запоўніць заяву і прад’явіць пашпарт або іншы дакумент, які пацвярджае асобу. У выпадку рэгістрацыі сабакі патэнцыйна небяспечнай пароды дадаткова спатрэбіцца даведка аб праходжанні спецыяльных курсаў па ўтрыманні і доглядзе за жывёламі.
Пасля рэгістрацыі ўладальніку выдаецца рэгістрацыйнае пасведчанне і жэтон устаноўленага ўзору. Жэтон павінен пастаянна знаходзіцца на ашыйніку гадаванца.
Што будзе, калі не рэгістраваць хатніх жывёл?
За парушэнне парадку рэгістрацыі сабак і катоў прадугледжана адказнасць. Калі ўладальнік не зарэгіструе сабаку альбо парушыць патрабаванні Пастановы № 834 (напрыклад, будзе трымаць у кватэры 10 сабак і катоў, а суседзі звернуцца ў кантралюючыя органы), яго могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці. Паводле ч. 1 арт. 16.30 КаАП пагражае штраф ад 1 да 15 базавых велічынь, тлумачыла юрыстка Алена Маціевіч.
Колькі трэба заплаціць за хатніх катоў і сабак?
Зараз у Беларусі ў межах рэгістрацыі раз у квартал з уладальнікаў спаганяецца падатак за сабак. Ён усталёўваецца з трох месяцаў. З 1 студзеня 2026 года за сабаку трэба заплаціць 14 рублёў. І 67 рублёў — калі сабака патэнцыйна небяспечнай пароды.
Якія новыя правілы ўтрымання жывёл пачалі дзейнічаць у гэтым годзе?
У Беларусі паэтапна ўступаюць у сілу нормы Закона «Аб адказным абыходжанні з жывёламі», прынятага 1 красавіка 2024 года. Частка палажэнняў дакумента ўжо дзейнічае, некаторыя пачалі прымяняць з пачатку 2026 года.
Напрыклад, з 1 студзеня гэтага года ўступаюць у сілу палажэнні па працы прытулкаў. Пры паступленні жывёл абавязковы агляд і ўлік, а прытулкі павінны забяспечваць каранцін, вакцынацыю, кантроль размнажэння і інфармаванне насельніцтва, уключаючы доступ валанцёраў для дапамогі і пошуку новых уладальнікаў. Калі старога гаспадара не знаходзяць, то жывёлу могуць перадаць новым гаспадарам або зоаабарончым арганізацыям.
Раней гэтым законам абнавілі правілы ўтрымання хатніх жывёл, увялі абавязковую рэгістрацыю сабак і катоў, а таксама патрабаванні да ўладальнікаў парод, якія патрабуюць асаблівай адказнасці.
Напрыклад, у кватэрах увялі абмежаванне — не больш за два каты і сабакі, прыбраўшы норму аб двайным праве для некалькіх уласнікаў. У прыватных дамах лімітаў няма, але пры наяўнасці некалькіх уладальнікаў патрабавалася іх згода. Закон зваротнай сілы не мае, і калі ў вас раней жыло больш жывёл, то яны могуць і далей жыць з вамі.
Таксама да 45 пашырыўся спіс парод, «якія патрабуюць асаблівай адказнасці ўладальнікаў». Уладальнікі такіх сабак павінны праходзіць спецыяльныя курсы. Яшчэ ўдакладнілі правілы чыпіравання, развядзення хатніх жывёл, а таксама ўтрымання жывёл-кампаньёнаў.



