У 2026 годзе ў медыцынскія ўстановы Гродзенскай вобласці паступяць тры новыя мамографы. Іх купяць на грошы Міністэрства аховы здароўя, паведамляе Тэлерадыёкампанія «Гродна».
Зараз у рэгіёне працуюць 13 мамаграфічных апаратаў. Самы сучасны з іх — лічбавы 3D-мамограф з функцыяй тамасінтэзу — усталяваны ў Гродзенскай універсітэцкай клініцы.
Ён з’явіўся там у кастрычніку 2025 года. Апарат дазваляе атрымаць не два звычныя здымкі, а да 48 паслойных выяў, з якіх фарміруецца трохмерная мадэль малочнай залозы.
«Малочная залоза праглядаецца слой за слоем, таму нават самыя невялікія змены становяцца больш заўважнымі. Гэта дапамагае ўрачу зразумець, ці патрэбна біяпсія», — распавяла загадчыца рэнтгеналагічнага аддзялення клінікі Наталля Маркевіч.
Гэта тэхналогія, пакуль адзіная ў Беларусі, таксама выкарыстоўваецца для дакладнай устаноўкі ўнутрытканкавай пазнакі проста перад аперацыяй. Гэта трэба для таго, каб аперацыя была больш шчадлівай.
Штогод у Гродзенскай вобласці выяўляюць каля 550 новых выпадкаў раку малочнай залозы. Урачы адзначаюць: чым раней захворванне выяўлена, тым вышэйшыя шанцы на паспяховае лячэнне.
Дзе зараз можна прайсці мамаграфію ў Гродне?
Зараз абследаванне можна прайсці ў мамеалагічных кабінетах у Гродзенскай універсітэцкай клініцы, паліклініках № 1 і № 7 Гродна, а таксама ў гарадской паліклініцы № 6 па вул. Ліможа, 25. У рэгіёнах яе правядуць у Ваўкавыскай ЦРБ, Лідскай ЦРБ і Слонімскай раённай паліклініцы.



