Гродзенца абвінавацілі ў тым, што чатыры гады таму ён збег ад прызыву на вайсковую службу. Яго ўзялі пад варту. Але пасля працы адваката крымінальную справу спынілі. Пра гэта ў сацсетках распавёў адзін з гродзенскіх юрыстаў.
Да адваката звярнуліся бацькі маладога чалавека, абвінавачанага паводле ч.1 арт. 435 КК «Ухіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу». Яго ўзялі пад варту, бо ў свой час абвяшчалі ў вышук. Яму пагражала да двух гадоў калоніі.
Адвакат азнаёміўся з матэрыяламі справы і палічыў, што няма падстаў для крымінальнай справы. Прычына, па-першае, у здароўі гродзенца. У яго дыябет першага тыпу – ён павінен быў быць камісаваны па стане здароўя.
Па-другое, паводле зменаў у закон “Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе” ад 23 кастрычніка 2025 года, замацаваная магчымасць прызыву на тэрміновую вайсковую службу тых, хто ўхіляўся, але добраахвотна наважыў пайсці ў войска і паведаміў пра гэта органу, які вядзе крымінальны працэс.
Хлопца паўторна дапыталі. Ён пагадзіўся прайсці медкамісію і адправіцца на службу. Яго вызвалілі з-пад варты. Пасля медкамісіі гродзенца камісавалі па стане здароўя. Крымінальную справу спынілі.
Чытайце таксама: “Любая дзедаўшчына скончылася б трагедыяй”. Як гродзенцы “касілі” ад войска



