У Гродне на Вадохрышча, 19 студзеня, палонку традыцыйна абсталююць на Юбілейным возеры. Сёлета з’явіцца і дадатковае месца для купання — у агратурыстычным комплексе «Каробчыцы». Рэдакцыя Hrodna.life сабрала поўны спіс месцаў у Гродзенскай вобласці, дзе можна акунуцца ў палонку як у дзень праваслаўнага свята, так і напярэдадні.
Традыцыйная купель у Гродне
Юбілейнае возера
У Гродне традыцыйныя вадохрышчанскія купанні пройдуць на Юбілейным возеры. Акунуцца ў палонку можна будзе 19 студзеня з 12:00 да 16:00. На месцы будуць дзяжурыць выратавальнікі, медыкі і супрацоўнікі міліцыі.
Вадохрышчанскія купанні ў Каробчыцах
Сёлета новай лакацыяй для вадохрышчанскіх купанняў стануць Каробчыцы. Пачатак — а 15:00. У праграме запланаваны малебен у храме-капліцы, пасля чаго адбудзецца асвячэнне вады і вадохрышчанскія купанні. Госцяў таксама чакаюць народныя калядкі, карагоды, розыгрышы, салдацкая каша і гарачая гарбата. Для смельчакоў, якія вырашаць акунуцца, абяцаюць сагравальны напой. Уваход у комплекс будзе бясплатным.
Што па надвор’і?
Сёлета на Вадохрышча ў Гродне сіноптыкі абяцаюць маразы да −15 °С у ноч з 18 на 19 студзеня. У нядзелю днём будзе −9 °С і сонечна, у панядзелак крыху цяплей — −7 °С і таксама сонечна.
Парады выратавальнікаў
Гродзенскія выратавальнікі нагадваюць, што ўдзел у вадохрышчанскіх купаннях патрабуе захавання мераў бяспекі. Акунацца варта толькі ў спецыяльна абсталяваных палонках, дзе дзяжураць выратавальнікі і медыкі.
Перад пагружэннем важна разагрэць цела, а ў вадзе знаходзіцца не даўжэй за адну хвіліну, каб пазбегнуць пераахаладжэння. Катэгарычна забаронена купанне ў стане алкагольнага ап’янення.
Пасля выхаду з вады рэкамендуецца адразу пераапрануцца ў сухое цёплае адзенне і выпіць гарачую гарбату. Асаблівую асцярожнасць выратавальнікі просяць захоўваць людзям з хранічнымі захворваннямі, пажылым і бацькам з дзецьмі.


