Гродзенская візажыстка і блогерка Кацярына Казакевіч распавяла ў Instagram, што крымінальная справа супраць яе была закрытая каля года таму. Раней у дачыненні да кіраўніцы салона прыгажосці ў Гродне вялася праверка Камітэта дзяржаўнага кантролю, па выніках якой распачалі крымінальную справу.
Гісторыя з праверкамі кампаніі Казакевіч пачалася ў лютым 2023 года, пра што яна пісала ў сацыяльных сетках летам таго ж года.
Закрыццё крымінальнай справы
Кацярына распавяла, што крымінальную справу закрылі, а некаторыя члены каманды далі супраць яе паказанні.
«Я была ўпэўненая, што пабудавала не проста салон, а сям’ю. Калі мне высунулі абвінавачанні, я была на мільён працэнтаў упэўненая: мы будзем стаяць сцяной. З 46 супрацоўнікаў, апытаных падчас праверкі, сямёра далі паказанні супраць мяне. Пачаўся цяжкі перыяд: допыты, арышт рахункаў, фінансавыя цяжкасці, ізаляцыя. Крымінальную справу закрылі год таму за недаказанасцю, але шрам на душы застаўся».
Трохі пазней яна зрабіла яшчэ адзін пост — з відэа на фоне Следчага камітэта. Маўляў, перыяд быў балючым, але даў разуменне, кім яна хоча быць.
Што з салонам MakeUpLab?
Салон, мяркуючы па ўсім, пакуль працягвае працаваць: на сайце ёсць прайс паслуг, запісацца да майстроў можна праз форму анлайн, сацсеткі абнаўляюцца. Зараз дом прыгажосці MakeUpLab належыць ТАА «ЕК Прафесіянал», дырэктар — Мікалай Казакевіч, верагодна, яе сваяк.
У лістападзе 2025 года Кацярына паведаміла ў Instagram, што гісторыя салона «завяршаецца ў тым ключы, у якім яна была ўсе гэтыя гады», і падзякавала супрацоўнікам.
16 студзеня 2026 года візажыстка абвясціла пра рэфармаванне свайго бізнесу: «Я вычарпала сябе ў ролі аператара салоннага бізнесу. Салон з бездакорнай рэпутацыяй у цэнтры горада — гэта велізарная перамога, але для мяне зараз гэта — пройдзены этап. Я больш не хачу і не магу “даказваць”. Я хачу ствараць новыя сэнсы», — напісала яна.
Цяпер Казакевіч будзе займацца настаўніцтвам экспертаў і ўладальнікаў бізнесу. А таксама — вытворчасцю касметыкі ўласнага брэнда і перманентным макіяжам у межах праекта MASTERMAIND WORLD EK.
MakeUpLab адкрыўся ў Гродне ў 2015 годзе і за некалькі гадоў стаў адным з самых вядомых салонаў у горадзе. Студыя пазіцыянавала сябе як premium-салон і прапаноўвала паслугі перманентнага макіяжу, афарбоўвання валасоў, касметалогіі, манікюру і педыкюру, а таксама ламінавання вій.
Раней СМІ пісалі пра Казакевіч з-за неакуратнай паркоўкі яе Range Rover. Вясной 2024 года на яе завялі адміністрацыйную справу за падпіску на старонку Hrodna.life УКантакце. У сацсетках яна распавядала пра сваю падтрымку жонак сілавікоў у 2020 годзе.



