У Гродне закрываецца кафэ «Одесса-мама», размешчаная ў тусовачным дворыку на вуліцы Вялікай Траецкай. Установа будзе працаваць да 18 студзеня ўключна, а з 19 студзеня 2026 года спыніць працу. Пра гэта прадстаўнікі кавярні паведамілі ў сацыяльных сетках.
«Але мы не развітваемся назаўжды! Мы кажам “да новых сустрэч”. Бо ў гэтых сценах ужо зусім хутка пачнецца новае жыццё. Мы рыхтуем для вас нешта зусім асаблівае і вельмі цікавае. Гродна, ты будзеш прыемна здзіўлены!» — напісана ў акаўнце кафэ ў Instagram.
На месцы «Одесса-мама» будзе новы праект
Навіна пра закрыццё выклікала актыўную рэакцыю гродзенцаў (і не толькі) пад пастом. Многія карыстальнікі прызналіся, што ўстанова стала для іх адным з любімых месцаў у горадзе.
«Жадаем вам поспехаў. Але гэта было сапраўды любімае, душэўнае месца. Прыязджаючы ў Гродна, мы заўсёды першым чынам ішлі да вас самі і вялі гасцей. Нам заўсёды падабаўся ваш каларыт, кухня, утульны дворык. У гэтым годзе яшчэ і цудоўны канцэрт кавер-бэнда. Ад вас не хочацца сыходзіць. Дзякуй, што робіце гэты горад асаблівым», — напісаў, напрыклад, адзін з карыстальнікаў.
Нехта пытаўся, што здарылася. У установе адказалі: «Надышоў час перамен. «Одесса-мама» сыходзіць прыгожа, каб саступіць месца праекту, які, мы ўпэўненыя, вам спадабаецца. Хутка вы ўсё ўбачыце самі». Вядома, што праект будзе ў новым месцы.
Кафэ адкрылася летам 2022 года
Кафэ прапрацавала ў Гродне больш за тры гады — яно адкрылася летам 2022 года і было часткай франшызы сеткі рэстаранаў «Одесса-мама».



