На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавалі пастанову Міністэрства адукацыі аб навучанні за межамі краіны. Сярод іншага, маладым людзям спатрэбіцца напісаць распіску аб вяртанні ў Беларусь пасля вучобы. Аднак гаворка ідзе толькі пра школьнікаў і студэнтаў, якія будуць адбірацца для навучання за мяжой па міжнародных дамовах. Астатнія абітурыенты пакуль могуць не хвалявацца.
Што за пастанова?
Пастанову Мінадукацыі «Аб парадку адбору кандыдатаў для навучання за мяжой па міжнародных дамовах» прынялі 8 снежня 2025 года і апублікавалі 13 студзеня на прававым партале. У дакуменце прапісаны парадак адбору такіх кандыдатаў.
Гаворка ідзе пра адзінаццацікласнікаў, якія могуць паехаць на вучобу ў замежныя ВНУ на бакалаўрыят, а таксама пра студэнтаў беларускіх ВНУ, якія могуць паехаць на стажыроўку для атрымання новых навыкаў па сваёй спецыяльнасці.
Кандыдатаў на адукацыйныя праграмы, у якіх удзельнічае Беларусь, адбірае спецыяльная камісія, а зацвярджае асабіста Міністр адукацыі.
У пастанове прапісалі таксама патрабаванні да кандыдатаў:
- Сярэдні бал павінен быць не ніжэй за 8,0.
- Трэба ведаць замежную мову на ўзроўні, дастатковым для вучобы.
- У кандыдата павінна быць афіцыйная адтэрміноўка або вызваленне ад прызыву на ўвесь перыяд вучобы за мяжой.
- На момант падачы заяўкі трэба афіцыйна вучыцца ў беларускай школе або ВНУ.
Што будзе, калі малады чалавек, напісаўшы распіску, усё ж такі не вернецца дадому, не паведамляецца.
Якія дакументы спатрэбяцца?
У пастанове таксама ёсць спіс дакументаў, якія кандыдаты павінны падаць у Міністэрства адукацыі.
Патрэбныя:
- Анкета і характарыстыка з папярэдняга месца навучання.
- Выпіска з адзнакамі.
- Пацвярджэнне ведання мовы.
- Пісьмовае абавязацельства вярнуцца ў Беларусь пасля заканчэння вучобы.
- Дакументы з ваенкамата (для юнакоў).
Правілы не тычацца тых, хто едзе за мяжу вучыцца па лініі КДБ, МУС, ДПК і іншых сілавых ведамстваў.



