З 1 лютага 2026 года паркоўка на тэрыторыі гандлёва-забаўляльнага комплексу Triniti ў начны час будзе платнай. Пра гэта рашэнне адміністрацыя комплексу паведаміла ў сваім Telegram-канале.
UPD 27 студзеня. Паркінг будзе платным з 1.00 да 8.00. Кошт начнога тарыфу складзе 5 рублёў у суткі за адзін транспартны сродак, паведамляе АвтоГродно.
Аплаціць паркоўку можна некалькімі спосабамі:
- Анлайн-аплата на сайце TRINITI, QR-коды са спасылкай на сайт размешчаны на тэрыторыі комплексу, а таксама на ўсіх уваходах у ГЗК.
- Наяўнымі альбо банкаўскай картай – у касе лядовага катка на другім паверсе (штодня з 11:00 да 23:00).
Інакш кліента могуць прыцягнуць да адказнасці, а яго аўтамабіль — эвакуіраваць.
Для арандатараў комплексу і супрацоўнікаў кругласутачная паркоўка застанецца бясплатнай.
Зараз адміністрацыя працуе над укараненнем сістэмы аплаты. Падрабязнасці пра тарыфы і спосабы аплаты апублікуюць у найбліжэйшы час у афіцыйных крыніцах Triniti.
Новае правіла павінна вырашыць праблему так званых «зімуючых» аўтамабіляў — машын, якія месяцамі стаяць на паркоўцы гандлёвага цэнтра.
ГЗК Triniti — адзін з найбуйнейшых гандлёва-забаўляльных цэнтраў Беларусі. Ён быў адкрыты ў лютым 2020 года. Адначасова з гандлёвым цэнтрам пабудавалі вялікі шматузроўневы паркінг на 2100 машынамесцаў, які ўвесь гэты час быў бясплатным для наведвальнікаў, у тым ліку і ўначы.




