Як шукаюць беларусаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах пасля 2020-га года і якім пагражае пераслед паводле арт. 342 КК? Пра гэта ў артыкуле часопіса “Юстиция Беларуси” распавёў Аркадзь Траццякоў, аспірант Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дырэктар Гомельскага філіяла рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства ў аказанні паслуг “Белюразабеспячэнне”.
Прыкметы злачынства знаходзіць супрацоўнік органаў дазнання ў ходзе аператыўна-вышуковай дзейнасці альбо следчы пры расследаванні крымінальнай справы.
Фота – і відэафіксацыя
У 2020-м годзе здымку вялі самі праваахоўнікі, сказана ў тэксце. Пратэстоўцы таксама самастойна фатаграфавалі і запісвалі на відэа сябе і іншых. Многія размяшчалі фота і відэа ў адкрытым доступе, у сацсетках або мэсэнджарах. Журналісты вялі рэпартажы з месцаў падзей. У рэжыме запісу працавалі камеры відэаназірання на аб’ектах інфраструктуры.
Ужо на першапачатковым этапе расследавання фота-і відэаматэрыялам надавалася асаблівае значэнне як крыніцы прамых доказаў. Таму пры ператрусах і аглядах абавязкова канфіскоўвалі тэлефоны, камп’ютары і іншую тэхніку.
“Атрыманая інфармацыя патрабавала назапашвання і сістэматызацыі. У крыміналістычных падраздзяленнях пачалася праца па фарміраванні фота(відэа)тэк, арганізацыі захоўвання атрыманых матэрыялаў для далейшага іх выкарыстання ў расследаванні, усталяванні датычных да супрацьпраўнай дзейнасці асоб, прыцягненню іх да адказнасці”, — сказана ў тэксце.
Кадры бралі з:
– маніторынгу навінавых спасылак;
– запісаў з камер відэаназірання;
– памяці мабільных прылад, відэарэгістратараў і іншых носьбітаў;
– Telegram-каналаў “пратэстнай накіраванасці”.
У выніку сабралі фота і відэа больш чым на 25 Тбайт. Так усталявалі “значную колькасць” пратэстоўцаў.
Штучны інтэлект дапамагае сілавікам
Сілавікі выкарыстоўваюць у працы штучны інтэлект. Цяпер пры расследаванні крымінальнай справы метадам OSINT шукаюць інфармацыі ў агульнадаступных крыніцах. У гэтым дапамагае біяметрычная сістэма ідэнтыфікацыі і распазнання асоб Kipod ў рэспубліканскай сістэме маніторынгу грамадскай бяспекі.
Даведаюцца матывы і погляды
А вось сведак і пацярпелых паводле ч.1 арт. 342 КК дапытваюць рэдка. “Што цалкам заканамерна, бо факт здзяйснення злачынства выяўлены, як правіла, у выніку апрацоўкі кампутарнай інфармацыі”, — гаворыцца ў тэксце.
Таксама важным сілавікі лічаць запытванне інфармацыі ад аператараў сотавай сувязі, уключаючы дэталізацыю тэлефонных злучэнняў абанента.
Акрамя гэтага, сілавікі выяўляюць матывы, мэты і ідэалагічныя погляды падазраванага: “Атрыманыя звесткі, разам з інфармацыяй па выніках вывучэння асобы абвінавачанага, кладуцца ў аснову падрыхтоўкі і ўнясення прадстаўлення аб ліквідацыі прычын і ўмоў, якія садзейнічалі ўчыненню злачынства”.
Чытайце таксама: Гродненский аналог “хороводного дела”: за одну акцию протеста в сентябре 2020 года судят десятки человек


