У YouTube вяртаецца праект, прысвечаны выступам музыкаў на вуліцах Гродна. Аб гэтым у Facebook паведаміў яго аўтар Павел Салаўёў.
«Я перазапускаю відэапраект “Музыка гарадзенскіх вуліц”. У праекце ізноў будуць годныя, на мой погляд, музыкі ў годных, прыгожых, знакавых гродзенскіх месцах», — напісаў Павел.
Салаўёў дадае, што не абяцае рэгулярнага выхаду відэа. Першае пасля перапынку відэа здымалі яшчэ ў лістападзе 2025. У роліку на старых каталіцкіх могілках мінскі саксафаніст і бас-гітарыст Дзмітрый Барсукоў выконвае песню «Муха».
Першае відэа на YouTube-канале Music of Grodno Streets з’явілася ў 2014 годзе — запісалі музыку Валіміра О. (Тараса Апарыка) з Вілейкі. З таго часу дадалі яшчэ 19 ролікаў. Сярод запісаных музыкаў — Цімафей Яравікоў з Магілёва на вуліцы Савецкай, польскі бэнд Rzeszow Klezmer Band на Замкавай і харкаўскі гурт Spiritual Seasons на левым беразе Нёмана.
У канала 184 падпісчыка. Некаторыя відэа набіралі ад 10 да 25 тыс. праглядаў.
Чытайце таксама: Гродзенскі музыка пераехаў у прымежную польскую вёску, якая вымірае, каб запісаць альбом



