Быт лідчан у савецкія гады візуалізавалі з дапамогай прадметаў той эпохі – тэхнікі, адзення і прадметаў інтэр’еру. Таксама дадалі манекенаў – гэта сям’я з пяці чалавек, якая рыхтуецца да Новага года. Пра новую экспазіцыю піша «Лідская газета».
Праект рэалізавала старэйшая навуковая супрацоўніца Лідскага музея Таццяна Нікіфарава. Памяшканні стылізавалі пад савецкую кватэру – ёсць пярэдні пакой, кладоўка, кухня, зала і спальня.
У экспазіцыю ўвайшлі прадметы, характэрныя для таго часу: пыласос “Буран”, пліта з дзвюма фаеркамі і тэлевізар “Нёман”. Таксама ёсць паштоўкі 60-х гадоў, упакоўкі ад прысмакаў і стол, сервіраваны вінегрэтам, шубай і аліўе – ва ўмовах дэфіцыту знайсці прадукты для гэтых салатаў было прасцей за ўсё. Каржы для торта, з садавіны – яблыкі.
У «кватэру» таксама дадалі персанажаў – сям’ю з пяці чалавек, якая завяршае падрыхтоўку да Новага года. Бацька пыласосіць пакой, дзеці дапамагаюць сервіраваць стол, а маці ўкладвае ў каляску малодшага дзіцёнка.


У інтэр’ер паспрабавалі дадаць тэматычныя элементы: папяровыя гірлянды, ёлку з чырвонай зоркай на верхавіне і пластыкавыя яблыкі на стале. Убранне дастаткова беднае – посуд, кухонны ручнік. На дзіцячым ложку расклалі папулярныя для тых часоў цацкі – чабурашку і юлу. Верагодна, гуляцца з прадметамі нельга, бо побач з экспанатамі пакінулі таблічку “не садзіцца”.
Па словах Таццяны Нікіфаравай, пры наведванні музея дарослыя наведвальнікі змогуць акунуцца ў дзяцінства, а дзеці даведаюцца, як выглядаў побыт іх бабуль і дзядуляў.


Чаму людзі настальгуюць па СССР, нават калі там не жылі?
У каментары “Лідскай газеце” Нікіфарава кажа, што “хацела ажывіць эпоху”. На думку расійскага палітолага і публіцыста Фёдара Крашаніннікава, настальгія па мінулай эпохе – у большай ступені незадаволенасць сучаснасцю і страх перад будучыняй, чым шчырае жаданне вярнуць мінулае.
“Кажучы пра савецкую настальгію, нельга не ўлічваць і культ СССР, які свядома насаджваецца ўладай. Калі з раніцы да вечара з усіх трыбун і па ўсіх каналах людзям бясконца расказваюць пра тое, якім вялікім і цудоўным быў СССР і які трагічны для свету <…> яго распад, то нічога дзіўнага, што многія пачынаюць у гэта верыць. Уключаючы тых, хто сам ніякага Савецкага Саюза не памятае проста таму, што нарадзіўся пасля яго распаду”, – піша ў калонцы для Deutsche Welle Крашаніннікаў.
Чытайце таксама: У Гродне адкрываецца галерэя “Сусвет Лялек”



