Да крымінальнай адказнасці за карупцыю штогод прыцягваецца каля 850 службовых асоб, больш за палову з іх кіраўнікі. Часцей за ўсё судзяць за хабарніцтва (48 %) і крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (34 %). Часцей за ўсё хабары атрымлівалі, арганізоўваючы закупкі. Гэта стала вядома з артыкула ў часопісе “Законность и порядок” №4 за 2025 год.
У 2020-2024 гадах зафіксавалі 1,2 тысячы карупцыйных злачынстваў. У 2015-2019 гадах іх было каля 2 тысяч. Пры гэтым іх удзельная вага не перавысіла 2% ад колькасці ўсіх учыненых злачынстваў. Хоць іх менш, злачынствы такога роду здзяйсняе больш людзей: кожны пяты кіраўнік. Але людзей, абвінавачаных у карупцыі, нярэдка бяруць на тыя ж пасады — у 85% выпадкаў.
Больш за 70 % хабараў атрымана пры правядзенні закупак, выкананні дагавораў, “заступніцтве” камерцыйных структур. Давалі грошы і крыптавалюту.
Найбольшая колькасць карупцыйных злачынстваў улічана ў сферах сельскай гаспадаркі (20%); прамысловасці (16%); гандлю і будаўніцтва (па 10%); транспарту (7%). У сельскагаспадарчых арганізацыях пераважаюць службовыя крадзяжы (40%), у прамысловых – хабарніцтва (61%).
Прычыны карупцыі ў Беларусі
Пракуроры прызнаюць: меры па папярэджанні карупцыі прымаюць няпоўна і бессістэмна. Вось у чым яны бачаць прычыны:
- памылкі ў падборы і расстаноўцы кадраў;
- маральная няўстойлівасць службовых асоб, якія пераследуюць толькі асабістыя інтарэсы;
- слабая выхаваўчая і прафілактычная работа;
- нізкі ўзровень ўнутранага і ведамаснага кантролю;
- няведанне альбо наўмыснае ігнараванне заканадаўства.
Пры гэтым у сельскай гаспадарцы не кантралююць захаванасць буйной рагатай жывёлы і дакументы. У прамысловасці бескантрольна праводзяць закупкі без праверкі законнасці і абгрунтаванасці. У будаўнічай галіны саслаблены кантроль за правадзенеем работ і іх якасцю з боку тэхнічнага нагляду.
Вінаватыя таксама паказчыкі
Мяркуючы па крымінальных справах, службовыя асобы таксама здзяйсняюць злачынствы з-за цяжкавыканальных паказчыкаў, недахопу фінансавання і цяжкай кадравай сітуацыі. Камісіі па супрацьдзеянні карупцыі працуюць неэфектыўна.
— Імкненне любой цаной выканаць паказчыкі па экспарце гатовай прадукцыі прыводзіць да затаваранасці складоў тавараправодных сетак, з’яўленню буйных сум пратэрмінаванай знешняй дэбіторскай запазычанасці і, як следства, здзяйснення рознага роду злоўжыванняў, — напісана ў тэксце.
Чытайце таксама: Катаўся на службовым камбайне ў асабісты час: пракуратура вобласці праверыла дырэктараў школ на карупцыю



