Генеральная пракуратура перадала ў Мінскі гарадскі суд крымінальную справу супраць кіраўніцтва адной з абласных філармоній, якое абвінавачваецца ў карупцыі і фінансавых махінацыях. Зараз суд павінен вызначыць, у якім горадзе і складзе будзе разглядацца працэс. Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра кіраўніцтва Гродзенскай абласной філармоніі. Пра затрыманне былога дырэктара філармоніі Валерыя Слабыша раней паведамлялі былыя супрацоўнікі.

Кіраўнікам адной з абласных філармоній і службовым асобам прыватных камерцыйных структур прад’яўлены абвінавачанні ў атрыманні і дачы хабару па папярэдняй змове групай асоб, у тым ліку ў асабліва буйным памеры (арт. 430 КК).

Двое з іх дадаткова абвінавачваюцца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у значным памеры (арт. 243 КК) і ў парушэнні абавязкаў падатковага агента, што прывяло да шкоды ў асабліва буйным памеры (арт. 243-1 КК).

У чым сутнасць абвінавачання?

Былы дырэктар філармоніі і яго намеснік дамовіліся браць грошы з прыватных фірмаў. За гэтыя «ўзнагароды» кіраўніцтва філармоніі выбірала для канцэртаў менавіта тых артыстаў, якіх прапаноўвалі «патрэбныя» бізнесмены.

Паводле версіі следства, з 2022 па 2024 год кіраўнікі атрымалі некалькі хабараў. У адным выпадку сума склала каля 1,9 тыс. рублёў, у іншым — больш за 98 тыс. рублёў.

У той жа час бізнесмены, якія давалі хабар, вырашылі сэканоміць на падатках. Яны хавалі дакументы аб даходах ад канцэртаў і падавалі ў падатковую фальшывыя справаздачы. Так яны недаплацілі 135 тыс. рублёў падатку на прыбытак.

Таксама яны практыкавалі шэрыя схемы з заробкамі супрацоўнікаў. З 1 сакавіка 2022 года па 11 лютага 2025 года, з’яўляючыся заснавальнікамі і фактычнымі кіраўнікамі камерцыйнага прадпрыемства, яны ўхіліліся ад выплаты падаходнага падатку з фізічных асоб на суму звыш 108 тысяч рублёў.

Былы дырэктар філармоніі і яго намеснік знаходзяцца пад вартай. Астатніх фігурантаў справы (не ўдакладняецца, колькі чалавек) выпусцілі на волю пад залог.

Што вядома пра былога дырэктара Гродзенскай абласной філармоніі

Валерый Слабыш пачаў кіраваць філармоніяй пасля затрымання свайго папярэдніка ў 2017 годзе. Апошнія згадкі пра яго на сайце філармоніі датаваныя лютым 2025 года — тады яго ўзнагародзілі юбілейным медалём «Беларускі фонд міру — 60 гадоў». Паводле слоў супрацоўнікаў філармоніі, Валерыя затрымалі і трымаюць у СІЗА. Яго сацсеткі не абнаўляюцца.

4 снежня стала вядома, што філармонію ў Гродне ўзначаліла Наталля Леўшунова, якая раней была начальнікам аддзела культуры Лідскага райвыканкама.

Валерий Слабыш. Фото: БЕЛТА
Валерый Слабыш. Фота: БЕЛТА

Папярэдні дырэктар філармоніі «пагарэў» на фальшывых канцэртах

У 2017 годзе узбудзілі крымінальную справу ў дачыненні да папярэдніка Слабыша.

Прычынай сталі фальшывыя выступленні. Тады, паводле інфармацыі праваахоўнікаў, паміж Гродзенскай філармоніяй і сталічнымі кантрагентамі былі падпісаны «ліпавыя» кантракты амаль на 250 тысяч рублёў. Такіх кантрактаў з 2014 па ліпень 2015 года было не менш за 10.

Мінскія фірмы павінны былі арганізаваць выступленні вядомых беларускіх і расійскіх артыстаў у канцэртных залах Гродна. Аднак выступленні праходзілі толькі на паперы, а пералічаныя грошы пераводзіліся з рахункаў сталічных прадпрымальнікаў у наяўныя.