У снежні 2025 года на Савецкіх Пагранічнікаў, 57 у Гродне адкрылася кафэ “Патэльня”. Установа пазіцыянуе сябе як кафэ з хатняй кухняй – сярод гродзенцаў гэта выклікала пытанні.
«Патэльня» працуе з сярэдзіны снежня. У меню – піцы коштам ад 14 да 30 руб. Эксклюзіўная пазіцыя – піца пад назвай «Мафія “Патэльні”» за 30 руб. з сакрэтным начыннем, якую падбірае шэф-кухар.


Таксама ёсць шаурма за 14 руб., дранікі (класічны за 8 руб., са свінінай, курыцай і грыбамі – за 12 руб.) і чабурэкі – ад 7 да 9 руб. З закусак, прыгатаваныя ў фрыцюры: бульба фры, нагетсы, цыбульныя кольцы і сырныя медальёны (5–8 руб.). Падаюць каву, гарбату і напоі.
У інтэр’ер дадалі тэматычныя элементы – сцены абклеілі фоташпалерамі з патэльнямі. Гасцей размяшчаюць за пластыкавымі сталамі. Ва ўстанове таксама можна замовіць банкет – у такім выпадку кафэ ўпрыгожваюць.
Кафэ працуе ўвесь тыдзень з 12.00 да 21.00–22.00 (час закрыцця на шыльдзе і ў сацсетках установы адрозніваецца). Па папярэдняй замове дзейнічае дастаўка і самавываз.
Гродзенцы: ад «сакавітая, смачная піца» да «цярпець яе не магу»
Блогер пад нікам Тот самый запісаў агляд на «Патэльню». У каментарах гараджан здзівіла, што кафэ, дзе падаюць піцу і шаурму, называе сябе ўстановай з хатняй кухняй.
«Хатняя кухня. Маркетынг на вышыні», – піша kostia.
«З якога часу піца і шаурма – гэта хатняя ежа?» – цікавіцца okna i dveri v grodno.
«Шаурма не хатняя кухня, а вулічная. І так, цярпець яе не магу», – выказваецца filipp.
«А чаму хатняя кухня? Неяк па меню не сказала б. Ад назвы «хатняя кухня» чаканні зусім не піцы і шаурмы», – лічыць Gabrielle_in_me.
«Ну, атрымліваецца не такая і хатняя, калі там піца, шаурма, фры і гэтак далей. Хутчэй за стандартную ўстанову са стандартнай мешанінай паміж еўрапейскай і фастфудам», — адзначае Helei. Prophoto.
Некаторыя каментатары не разумеюць, чаму агляд выклікаў негатыўныя эмоцыі сярод гараджан. Гродзенцы пішуць, што абавязкова наведаюць “Патэльню” і паспрабуюць стравы.
«Вельмі смачна! Паспрабавалі палову піц з меню і ўсё супер! Сакавітыя, смачныя! Па дранікі таксама абавязкова прыйдзем. І кошты як кошты», – піша тритэ.
«Мы спрабавалі піцу ў рабят, вельмі смачная, рэальна хочацца паўтарыць», – адзначае Masha Krishtaleva.
«За “Патэльню” асобны дзякуй. Адразу захацелася наведаць кафэ», – дзеліцца user.
“Патэльня – топ!” – лічыць creative0201.
Чытайце таксама: У Гродне прадаюць пяльменную — кафэ адкрылася менш за год таму




