Старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель у інтэрв’ю часопісу «Гродна» распавёў пра лёс Палаца культуры тэкстыльшчыкаў на плошчы Савецкай. Магчыма, у наступным годзе мясцовыя ўлады знойдуць фінансаванне для рэканструкцыі будынка, пра якую гавораць ужо некалькі гадоў. Але гэта не дакладна.
— На сённяшні дзень крыніцы фінансавання не вызначаны, аднак мы будзем прадпрымаць усе неабходныя крокі для ўключэння гэтага праекта ў дзяржаўную інвестыцыйную праграму на наступны год. Ідэя рэканструкцыі застаецца ранейшай: будынак будзе выкарыстоўвацца як гарадскі ЗАГС з заламі для прыёму дэлегацый. Паводле праекта частку памяшканняў таксама зойме турыстычны інфармацыйны цэнтр, — распавёў Андрэй Хмель.
Адкрыць ЗАГС у Палацы тэкстыльшчыкаў планавалі яшчэ ў 2024 годзе
У 2024 годзе стала вядома, што ў былым Палацы культуры тэкстыльшчыкаў у Гродне планавалі адкрыць ЗАГС. Акрамя ЗАГСа, у палацы будуць праходзіць выставы і ўрачыстыя мерапрыемствы. Тады ж распрацоўвалі праект рэканструкцыі.
У палацы планавалі адкрыць музей – але нічога не атрымалася
Будынак Палаца тэкстыльшчыкаў пачалі рэканструяваць у 2019 года. Працы вялі на сродкі абласной інвестыцыйнай праграмы. Замянілі дах, узмацнілі перакрыцці сценаў і выканалі вонкавыя працы. Меркавалася, што будынак пасля рэканструкцыі здадуць у верасні 2021 года.
Гродзенскія мастакі, мастацтвазнаўцы і экскурсаводы заклікалі арганізаваць у будынку мастацкі музей з прасторай для сучаснага мастацтва. Паводле ініцыятараў звароту да гарадскіх уладаў, Гродна – адзіны абласны цэнтр без мастацкага музея, а 90% мастацкай калекцыі гісторыка-археалагічнага музея не выстаўляецца.
Але ўлады вырашылі перадаць палац гісторыка-археалагічнаму музею пад экспазіцыю прыроды і гісторыі Гродзенскай вобласці: там мелі з’явіцца шкілет маманта, акварыум і партызаны. Але ў выніку праект паставілі на паўзу праз недахоп сродкаў, а палацу пачалі шукаць новае прызначэнне.
У лютым 2023 Уладзімір Каранік наогул казаў пра тое, што палац трэба прадаць.
Палац, збудаваны задам наперад
Палац культуры тэкстыльшчыкаў – былы клуб тонкасуконнага камбіната. Яго збудаваў Гродзенскі абласны будаўнічы трэст № 11 паводле праекту 1947 года архітэктара Рожына. Будынак мусіў быць узорам архітэктуры класіцызму. На яго канчатковы выгляд паўплывала рашэнне ўрада СССР 1955 года аб ліквідацыі празмернасцяў у архітэктуры. Першапачатковы праект скарэктавалі: змяніўся галоўны фасад будынка, які выходзіць на Савецкую плошчу. Яго пазбавілі балконаў і значна спрасцілі карнізы.
Другі фасад, які выходзіць да Дома быту, захаваўся без зменаў. Праз гэта некаторыя гродзенцы лічаць, што палац збудавалі задам наперад.
Магчыма, у XVI стагоддзі тут быў дом караля Баторыя ў Гродне. На месцы Палаца тэкстыльшчыкаў стаяў шэраг камяніц. Самай цікавай з іх лічаць камяніцу Явароўскага. Пабачыць будынак можна на малюнку Напалеона Орды XIX ст.



