Гасцініца на вуліцы Паповіча ў Гродне, якая ўжо некалькі гадоў стаіць пустой, можа змяніць уласніка. Пра гэта ў інтэрв’ю часопісу «Гродна» распавёў старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель.
Паводле яго слоў, гарадскія ўлады правялі перамовы з дыпламатамі Кітая, і ў найбліжэйшы час па аб’екце прымуць канчатковае рашэнне.
— Альбо мы забіраем аб’ект і перапрадаем яго, альбо кітайскі бок прапануе іншага інвестара, — паведаміў Андрэй Хмель.
Улады шукаюць новых інвестараў у гасцінічную сферу
— Гасцініц ніколі не бывае дастаткова. Мы зацікаўлены ў павелічэнні іх колькасці, — падкрэсліў кіраўнік горада. Асабліва яны важныя, улічваючы, што з траўня па верасень у Гродне кожныя выхадныя хочуць праводзіць мерапрыемствы, якія прыцягнуць турыстаў.
Паводле слоў Андрэя Хмеля, ужо прададзены пад гасцінічныя праекты Дом быту і былы медыцынскі інтэрнт на вуліцы Замкавай. Акрамя таго, гасцініца «Беларусь» (цяпер — «Гатэль Нёман») пасля рамонту ўжо працуе ў тэставым рэжыме. Таксама ў горадзе шукаюць інвестара для будаўніцтва гатэля высокага класа — не ніжэй за чатыры, а магчыма, і пяць зорак.
Чаму спынілася рэканструкцыя гасцініцы «Гродна»
Рэканструкцыю гасцініцы «Гродна» прыпынілі некалькі гадоў таму — падчас пандэміі каранавіруса. У 2023 годзе тагачасны старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік заяўляў, што кітайскі інвестар ад праекта не адмаўляецца.
Улетку 2023 года планавалася паездка дэлегацыі Гродзенскай вобласці ў кітайскую правінцыю Ганьсу, каб канчаткова праясніць лёс праекта. Пра вынікі гэтых перамоў афіцыйна не паведамлялася.
Што казалі ўлады раней
23 сакавіка 2021 года падчас прамога эфіру з Уладзімірам Каранікам яго намеснік Віталь Нявера паведаміў, што паміж горадам і інвестарам падпісалі дадатковае пагадненне. Згодна з дакументам, тэрмін рэалізацыі праекта падоўжылі да сярэдзіны 2022 года.
— Яны не адмаўляюцца ад праекта. Згодна з дамовай, рэканструкцыя фінансуецца з бюджэту Кітая.
На той момант фінансаванне не было пацверджана, але праца ў гэтым кірунку вялася, казаў Віталь Нявера.
У траўні 2025 года Андрэй Хмель паведаміў, што інвестдамова з кітайскай кампаніяй была разарваная.
— Праз суд будынак гасцініцы «Гродна» вернецца ў валоданне. Затым аб’ект зноў выставяць на таргі. Патэнцыйныя пакупнікі ўжо ёсць, — заявіў ён.
Хто валодаў гасцініцай «Гродна» і што планавалі пабудаваць
У 2016 годзе 16-павярховы будынак гасцініцы «Гродна» выкупіла гандлёва-прамысловая карпарацыя «Цюань Шэн» з правінцыі Ганьсу. Кошт здзелкі склаў 3,1 млн долараў. Інвестар планаваў укласці ў рэканструкцыю каля 15 млн долараў і адкрыць абноўлены аб’ект у сакавіку 2020 года. У праект уваходзілі гасцінічны комплекс Echeng, бізнес-цэнтр, рэстараны, фітнес-цэнтр, бар і начны клуб.


