У мікрараёне Дзевятоўка з верасня 2025 года працуе гульнявы пакой «Детство». У Instagram уладальнікі адзначаюць, што прынцып працы адрозніваецца ад дзіцячага сада – упор робяць на невялікія групы і свабодныя фарматы. Hrodna.life паглядзеў, дзе яшчэ ў горадзе ёсць цэнтры развіцця.
«Детство» на Дзевятоўцы сумяшчае гульнявы пакой, куды можна прывесці дзіця на непрацяглы час, а таксама дзіцячы садок з групай да васьмі чалавек. Колькасць дзяцей называюць галоўнай перавагай.
– Пагадзіцеся, надаць увагу васьмі дзецям значна прасцей, чым 25-30. Адначасова ў нас знаходзіцца не больш за восем дзяцей. <…> Адаптацыя праходзіць лёгка, бо нас няшмат і ёсць магчымасць надаць [увагу] кожнаму. І не траўмаваць яго пачуцці.


З дзецьмі займаецца педагог з вышэйшай адукацыяй. За харчаванне адказваюць бацькі – робяць дзецям ссабойкі. Абяцаюць лёгкую адаптацыю, гнуткі графік і ўлік пажаданняў дзяцей і бацькоў.
Адна гадзіна ў «садзе» абыдзецца ў 14 руб., абанемент на 10 гадзін каштуе 100 руб. Графік працы – з 10 раніцы да 7 вечара.
Дзе яшчэ ў Гродне ёсць развіваючыя цэнтры для дзяцей?
У Гродне працуе дзіцячы цэнтр «Мозаика» — праводзяць заняткі і майстар-класы для дзяцей ад аднаго да 10 гадоў. Усяго ў горадзе тры цэнтры, якія працуюць па адрасах Белыя Росы, 67, Агінскага, 16 і Томіна, 20.
Яшчэ адзін адукацыйны цэнтр для дзяцей «Лесенка Plus» спецыялізуецца на праграмах развіцця: праводзяць заняткі па хуткаму чытанню, каліграфіі і ментальнай арыфметыцы. «Лесенка Plus» – сетка адукацыйных цэнтраў, працуюць у Гродне і ў Слоніме.
Таксама на вуліцы Гагарына, 3 працуе цэнтр «Детская академия развития». Там праводзяць развіваючыя заняткі для дзяцей да пяці гадоў, перадшкольную падрыхтоўку і аказваюць рэпетытарскія паслугі для школьнікаў пачатковых класаў.
Чытайце таксама: У Гродне з’явілася Зубная фея – прылятае да дзяцей, у якіх выпаў першы зуб



