Блогерка Воля Новік запісала відэа “Ці можна героям дараваць усё? / Яму 29, ёй — 16 / Чаму кейс Міколы Дзядка тычыцца кожнага з нас”. Гэта разбор сітуацыі вакол анархіста і вызваленага ў 2025 годзе палітвязня Мікалая Дзядка і яго былой дзяўчыны, блогеркі Яны Стасяловіч. Яны сустракаліся, калі яму было 29 гадоў, а ёй 16. Дзяўчына распавяла, што Дзядок ціснуў на яе і прымушаў да сэксу.

– Чаму мужчыны абараняюць сваё права займацца сэксам з непаўналетнімі і ці можна героям дараваць усё? – так пачынае відэа Воля.

Воля Новік – дызайнерка, блогерка, адна з аўтарак подкаста True Crime Hrodna. Дзяўчына пакінула Беларусь дзеля бяспекі. Яна знаходзіцца ў базе вышуку РФ.

Воля разбірае гісторыю пары храналагічна: ад першых пастоў Яны ў яе Telegram-канале да каментароў Мікалая прэсе на гэтую тэму. Воля звяртае ўвагу на тое, што СМІ не надалі гэтаму шмат увагі, а рэфлексія Дзядка на гэтую тэму хутка скончылася.

– …праз некаторы час я даведалася з некалькіх крыніц, што некаторыя суполкі папрасілі СМІ даць ім “двухмесячную адтэрміноўку”, каб спачатку разабрацца ва ўсім самастойна і пагаварыць з Мікалаем. <…> Сітуацыя толькі абвастрылася. На Яну абрынулася хваля хейта. А Мікола працягвае маніпуляваць сваёй аўдыторыяй і застаецца поціскам рукі “героям”, якога завуць на інтэрв’ю і мерапрыемствы.

Воля адзначыла, што непрыемным адкрыццём для яе сталі каментары – у асноўным ад мужчын – што тут усё па законе і Яна дасягнула ўзросту згоды.

– Гэта значыць, для іх узрост 16 гадоў нібыта аўтаматычна адмяняе любыя абвінавачванні ў сэксуальным гвалце, пагрозах і аб’юзе. Але ўзрост згоды – гэта мінімальная юрыдычная планка, а не маральны дазвол даросламу чалавеку маніпуляваць падлеткам і рабіць з яе целам усё, што захочаш.

Чытайце таксама: Мапа, якая заўжды з табой. Hrodna.life прэзентаваў на “Мове нанова” свае цішоткі