Першы дзень новага года ў Гродне выдаўся па-сапраўднаму зімовым — горад засыпала снегам. Каб справіцца з наступствамі снегападу, на вуліцах горада кругласутачна дзяжураць супрацоўнікі «Спецаўтагаспадаркі»: працуюць 31 адзінка тэхнікі і 108 дворнікаў. Пры гэтым сіноптыкі папярэджваюць, што снег будзе ісці і 2 студзеня.

З-за надвор’я 1 студзеня колькасць тэхнікі на вуліцах павялічылі, паведамляе тэлеканал «Гродна Плюс». Сфарміравалі спецыяльныя брыгады, у тым ліку пяць калон трактароў, якія займаюцца ўборкай дарог і тратуараў у розных раёнах горада.

У працы камунальнікам дапамагаюць экіпажы Дзяржаўтаінспекцыі. Супрацоўнікі ДАІ суправаджаюць калоны спецтэхнікі і сочаць за бяспекай руху, каб уборка праходзіла без здарэнняў.

На 2 студзеня Белгідрамет абвясціў па ўсёй Беларусі аранжавы ўзровень небяспекі. Раніцай у многіх раёнах краіны чакаецца моцны снег, мяцеліца і снежныя заносы на дарогах. Узмацніцца паўднёвы вецер з парывамі да 15–18 метраў за секунду.

Надвор’е мяняецца і стане цяплейшым. Мінімальная тэмпература паветра на захадзе краіны складзе ад нуля да –8 градусаў. На некаторых участках дарог захаваецца галалёдзіца, таму кіроўцам і пешаходам варта быць асабліва ўважлівымі.

У самім Гродне маразы, якія трымаліся апошнія два дні, зменяцца адлігай. Днём тэмпература будзе вагацца ад нуля да +2 градусаў. Чакаюцца снег і мокры снег.

Дарэчы, у апошнія гады снег на Новы год у Гродне выпадаў нячаста, хоць па-сапраўднаму снежныя зімы ў горадзе бывалі не раз.