Домік для бяздомных жывёл “Адданае сэрца” атрымае 15 вальераў. Такую заяву зрабіў блогер Дзмітрый Арлоў. У снежні Арлоў ужо пагасіў доўг «Адданага сэрца» за лячэнне жывёл у ветэрынарнай клініцы.
Сумесны пост Дзмітрыя Арлова і «Адданага сэрца» у Instagram з’явіўся ў канцы снежня. Мяркуючы па відэа, блогер прыехаў на тэрыторыю дома і паведаміў, што пачынае “рылс-серыял аб будоўлі дома для жывёл”.
Па адзнацы Дзмітрыя, на тэрыторыі дома трэба знесці дрэвы, выраўнаваць зямлю і ўсталяваць плот. У самім доме – зрабіць касметычны рамонт, усталяваць дзверы і сантэхніку, паставіць шклопакеты.
Арлоў пацікавіўся ў валанцёраў, з чаго ён можа пачаць. Яму адказалі, што дому трэба 10-15 вальераў.
«Думаю, на Новы год «Адданаму сэрцу» я падару 15 вальераў», — заявіў Арлоў.
Валанцёры зладзяць навагодні “загул” – клічуць на яго жадаючых
Падчас зімовых святаў валанцёры “Адданага сэрца” плануюць правесці яшчэ адну акцыю – навагодні “загул”, які пройдзе 1 студзеня. Пра гэта ў Threads паведаміла гродзенка Таццяна Барысоўская.
Паводле слоў Таццяны, удзел у мерапрыемстве змогуць узяць 50 жадаючых. Удзельнікам дадуць “цёплую гарбату і невялікія салодкія сувеніры”.
Мерапрыемства ў сацсетках «Адданага сэрца» пакуль не анансавалі.
“Адданае сэрца” – некамерцыйная няўрадавая арганізацыя, якая існуе з 2011 года. Зоаабаронцы дапамагаюць бяздомным жывёлам за кошт ахвяраванняў. За жывёламі і іх часовым месцам жыхарства даглядаюць валанцёры. Знойдзеных жывёл мыюць, апрацоўваюць ад паразітаў, іх аглядае ветэрынар, пры неабходнасці іх лечаць.
У 2018 годзе валанцёры арганізавалі на Фолюшы Дом для катоў. Ён адкрыўся ў памяшканні былога медыцынскага прадпрыемства. Валанцёры “Адданага сэрца” і іншыя неабыякавыя людзі рабілі там рамонт, размяшчалі адначасова ад 40 да 60 катоў, рэгулярна закуплялі для жывёл лекі, корм і цацкі.
Першыя навіны аб высяленні з’явіліся ў 2020 годзе – калі стала вядома, што былую вайсковую частку прададуць і забудуюць. Дом прастаяў яшчэ чатыры гады. Тады валанцёрам было неабходна знайсці для падапечных новы прытулак. У пачатку 2024 года з такой жа праблемай сутыкнуўся і домік для сабак, створаны «Адданым сэрцам».
Чытайце таксама: Як валанцёры некалькі гадоў рыхтавалі хатку на Фолюшы для падапечных, а пасля даведаліся аб высяленні



