Пры выездзе з краіны беларусы хутка праходзяць пашпартныя кантролі на граніцы з ЕС. Пасля вяртання ў Беларусь чэргаў таксама няшмат, але даводзіцца ўлічваць абмежаванні па ўвозе тавараў. Працягваюць паступаць паведамленні аб допытах – нярэдка гэта становіцца прычынай затрымкі чаргі. Hrodna.life вывучыў, што пісалі беларусы ў прымежных чатах.
Брэст-Цярэспаль: «гутаркі» на мяжы
Днём 26 снежня беларусы на аўто паведамлялі, што чэргаў няма, а дарогі пустыя. У сярэднім праходжанне мяжы займала каля гадзіны.
Аўтобусам даводзіцца чакаць чаргі крыху даўжэй, у тым ліку з-за допытаў. Карыстальніца Alesia з Варшавы выехала ў 5.30 раніцы, прайшла мяжу толькі ў 13:30. «Выехалі ад беларусаў пасля дзвюх гадзін чакання з гутарак», — напісала жанчына.
25 снежня карыстальнік Tahiti таксама паведаміў пра «гутаркі» на мяжы – «сышло з палову аўтобуса, з іншых таксама шмат хадзіла». Праходжанне беларуска-польскай мяжы заняло 10 гадзін.
Брузгі — Кузніца: траса пакрыта лёдам
Чаргі 26 снежня на КПП «Брузгі—Кузніца» няма. Аднак кіроўцы паведамляюць пра галалёд, які пакрыў трасу ад мяжы да Беластока. «Рэальна жорсткі каток. Экстрым максімальны», — напісаў EV.
Пра «размовы» апошні раз паведамлялі 23 снежня. Рэчы Вікторыі адправілі на сканер, а яе – на допыт.
Бераставіца — Баброўнікі: мытнікі распакоўваюць падарункі
Дарогі ў КПП пустыя. Беларусы нагадваюць аб неабходнай рэгістрацыі ў электроннай чарзе пры ўездзе ў Польшчу.
Раніцай 25 снежня сітуацыя была іншай: чэргі збіраліся, пасажыраў адпраўлялі на рэнтген. «Мытніца лютуе, у кожнай сумцы капаецца, прымусіла падарункі распакоўваць. Усё ўжо пройдзена, а чарга рухаецца адна машына за гадзіну», пісала Sofiya.
Каменны Лог і Беняконі: пустыя дарогі і павольная праца мытні
Днём 25 снежня кіроўцы паведамлялі, што чарга рухаецца марудна з-за кантролю памежнікаў. Пад вечар дарогі апусцелі — машын у чэргах няшмат. «Абедзве межы па паўтары гадзіны, без рэнтгена, працуюць жвава», — напісаў Артем Ко.
У прыгранічным чаце напрамку Беняконі — Шальчынінкай беларусы скардзяцца на працу мытні, якая “моцна тармозіць”.
Чытайце таксама: «Улазяць – і ўсёй чарзе па-просту #####». Перад святамі беларусы зноў суткамі стаяць на межах



