Рэсурс «доброволец-центр.рф» шукае добраахвотнікаў для ўдзелу ў так званым «СВА», у тым ліку сярод беларусаў. На сайце пазначана больш за 100 гарадоў Беларусі, сярод іх — Гродна, Ліда і Навагрудак.
Атрымаюць участак і статус “ветэрана”
Перад афармленнем заяўкі на сайце пералічваюць “перавагі” падпісання кантракта. Удзельнікам абяцаюць зямельны ўчастак у 10 сотак коштам 1 млн расійскіх руб. (37 тыс. руб.), 1,5 млн. расійскіх руб. (55,5 тыс. руб.) пры заключэнні кантракта, а таксама статус “ветэрана баявых дзеянняў і ўсе льготы”. У якой з краін будуць падаваць участкі, на сайце не тлумачаць.

Таксама ўдзельнікам абяцаюць крэдытныя і падатковыя канікулы, бюджэтныя месцы для навучання дзяцей у ВНУ і кампенсацыю 50% пры аплаце жыроўкі.
Зарплата байца «ў зоне СВА» – ад 210 тыс. расійскіх руб. (7,7 тыс. руб.), аднак перыядычнасць выплат на сайце не пазначана.
У FAQ сайта адзначаюць, што кантракт могуць падпісваць і не грамадзяне Расіі – у такім выпадку ім аформяць грамадзянства на працягу двух тыдняў.
Удзельнікам абяцаюць аплаціць дарогу да месца службы, прадаставіць жыллё і харчаванне, а таксама выдаць “дадатковую амуніцыю” пры паступленні на службу.
Возьмуць з судзімасцю і без дакументаў
Пры адсутнасці дакументаў іх адновяць, калі ёсць “праблемы з законам – вырашаць”. Гатовы разглядаць заяўкі ад кандыдатаў, узрост якіх не перавышае 64 гады.
Для складання заяўкі патрабуюць толькі прозвішча, імя і нумар мабільнага тэлефона.
Патэнцыйным удзельнікам “СВА” прапануюць “зрабіць выбар на карысць стабільнасці”.
Для беларусаў зрабілі мануал пападання ў зону ваенных дзеянняў
На сайце размешчана інструкцыя для беларусаў, як патрапіць на “СВА”. Для гэтага трэба запоўніць форму і абраць вакансію. Затым – прайсці сумоўе, на якім абмяркоўваюць дэталі: “тэрміны, задачы і асаблівасці службы”. Фінальны этап – падпісанне кантракта добраахвотніка, якая афіцыйна замацоўвае ўдзел беларуса ў “СВА”.
Чытайце таксама: Ва ўкраінскі палон трапіў ураджэнец Гродзенскай вобласці, які ваяваў за Расію



