Выехаўшы ў вандроўку праз беларускія межы, можна сустрэць Каляды на памежным пераходзе. Нядаўняе акдрыццё некалькіх прапускных пунктаў не дапамагло пазбегнуць чэргаў перад вялікімі выхаднымі.Расказваем, што цяпер адбываецца на ўездах і выездах з Беларусі.
Мяжа з Польшчай: «Цвікоў Толікам пад колы»
Прапускны пункт Брузгі – Кузніца, найбліжэйшы да Гродна з польскіх памежных пераходаў, у лістападзе адкрылі пасля чатырохгадовага перапынку. Пакуль што перасекчы яго можна толькі на легкавых аўтамабілях. Паводле кіроўцаў, уначы з 22 на 23 снежня чаканне на мяжы ў бок Беларусі тут займала каля 10-13 гадзін. Удзень гэты час скараціўся да 6-7 гадзін.
У памежных чатах карыстальнікі дзеляцца сваімі назіраннямі: так, паласа перад адным чырвоным калідорам рухаецца хутчэй за іншую. Нікуды не знік бізнес па продажы месцаў.
«Калі б не Толікі (так называюць людзей, якія ўлазяць без чаргі. – Заўв.), прахаджэнне мяжы было б шпарчэйшым», – дзеліцца адзін з кіроўцаў: ён устаў у чаргу ў 10:45 21 снежня, а выехаў з мяжы толькі праз 18 гадзін – а 04:45 22-га.
«Улазяць – і ўсёй чарзе па-просту ##### (усё адно – Hrodna.life). «Я стаяў, я ад’язджаў – вось людзі пацвярджаюць», – і многія іншыя казкі ў шайцы купленага месца за бабкі, асабліва мінскія прадаюць месцы. Аднаму ўжо прапісалі за ягоныя словы», – не хавае абурэння Аляксандр.
Зрэшты, для людзей, якія сапраўды пакідалі чаргу на нейкі час, знаходзяць просты лайфхак.
«Рабіце фота і відэа, хто стаіць у вас наперадзе і ззаду. Тыя, хто ўлазіць, не маюць фота ці відэа, а калі яны ўлезуць і адразу зробяць, то гэта можна ўбачыць», – падказвае адзін з кіроўцаў.
Ці не абсалютны рэкорд хуткасці за апошнія дні ў пункце – 4 гадзіны 35 хвілін. Аднак дзеля гэтага вандроўнік адразу дамовіўся з кіроўцам аўтамабіля, да якога падсеў перад светлафорам.
Па стане на 24 снежня чэргі захоўваюцца.
«Пазбягайце гэтай мытні. Гэта пекла»
Куды горшая сітуацыя ў прапускным пункце Бераставіца – Баброўнікі. Ужо ў нядзелю, 21 снежня, відэа адтуль палохалі маштабам чаргі. Там аўтамабілісты чакаюць каля сутак і больш.
«У мяне сын з жонкай 36 гадзін праходзілі гэтую мяжу. У беларусаў працуюць маладыя дзяўчаты, неспрактыкаваныя. Пазбягайце гэтай мытні. Гэта пекла. Сказалі, што едуць транзітам у РФ, а ім нават не далі запоўніць міграцыйную карту. Вось як так прапусцілі? Такія праблемы пад Новы год», – нярвуецца ў памежным чаце Алена. Ейныя сын і нявестка ўсталі ў чаргу ў Баброўніках а 14-й гадзіне 21 снежня, а выехалі толькі а палове трэцяй ночы 23-га.
«Заехалі на мяжу 21.12 а 22:45. Прайшлі 23.12 у 03:45 паводле польскага часу. У выніку 29 гадзін», – піша Лізавета, якой пашанцавала троху больш.
Гэты прапускны пункт не раяць тым, хто мусіць ехаць па чырвоным калідоры: ён у Баброўніках перапоўнены. Праходжанне ж польскіх і беларускіх мытнікаў зялёным шляхам займае каля 1,5 гадзін. Больш тут чакаюць і на выезд з Беларусі: калі ў Брузгах прайсці мяжу можна за 3-4 гадзіны, то тут гэта зойме 5-6.
Бераставіца ў адрозненне ад Брузгоў прапускае і аўтобусы. Але і ім тут нялёгка: выглядае, што прастаяць 17-19 гадзін – гэта яшчэ шанцунак.
Паводле Telegram-канала сервіса «Атлас», цяпер аўтобусы курсуюць згодна з раскладам. Увечары 22 снежня затрымкі транспарту, які едзе праз польска-беларускія пункты пропуску, складалі да 6 гадзін.
«Не едзьце сюды: дзіра, а не пераход. Учора ў 19:30 (21:30 паводле Мінска. – Заўв.) выехалі з Варшавы, зараз яшчэ 6 [аўтобусаў] перад намі, гэта гадзін 10, не інакш», – пісаў у памежным чаце Андрэй а 15-й гадзіне 23 снежня.
«Багата хто казаў, адкрыюць межы – і будзем хутчэй трапляць дадому. Учора ўся дарога ад Варшавы ў Гродна ў нас выйшла 17 гадзін», – падзялілася беларуска ў Threads.
«Бераставіца не прыстасаваная да вялікіх прапускных здольнасцяў аўтобусаў. І даволі чакана», – адказалі ёй у каментарах.
«Мытні працуюць выдатна – асноўны затык ва ўпіхунах»
Не лепшая сітуацыя і ў прапускным пункце Брэст – Цярэспаль, дзе аўтамабілісты чакаюць і па 25-30 гадзін.
«Калі б мы не ахоўвалі кальцо ад улезуноў і не будзілі людзей, якія ўначы заснулі ў машынах, напэўна, стаялі б яшчэ гадзін на 10 больш», – дзеліцца ў памежным чаце жанчына, якая з 20 па 22 снежня правяла на мяжы 28 гадзін.
«Мытні працуюць выдатна, асноўны затык ва ўпіхунах. Усім поспеху, хуткіх дарог і цвікоў Толікам пад колы», – зычыць жанчына, якая прастаяла на мяжы больш за 27 гадзін.
Некаторыя спадзяюцца, што ў самі Каляды чарга ўсё ж паменее.
«Ці ёсць шанец, што 25 снежня чарга з Польшчы будзе менш? Альбо такое будзе да Новага года?» – цікавіцца Алена.
«Летась ехалі 27-га – было 30 машын», – адказваюць ёй.
Стаяць у аўтобуснай чарзе ў Цярэспалі даводзіцца найменей 12-14 гадзін. Аднак тут, у адрозненне ад Кузніцы і Баброўнікаў, адразу кідаецца ў вочы багацце ценявых паслуг для пасажырам. Перасесці ў аўтобус каля шлагбаума каштуе 30-50 еўра (103-170 рублёў). Але калі гэта транспарт аднаго перавозчыка, то перасадзіць вас могуць і без даплаты. Каб не ісці ў пачатак чаргі пехатой, «бамбілы» заўсёды гатовыя падвезці за 20 злотых (каля 16 рублёў). Скарыстаўшыся такімі опцыямі, мяжу праходзяць за 6-7 гадзін.
Як і ў Брузгах з Бераставіцай, анамальных чэргаў на выезд з Беларусі ў Брэсце няма. Да раніцы 24 снежня час праходжання мяжы знізіўся да 2 гадзін.
Літва: 20 гадзін на аўтамабілі, 3-4 на аўтобусе
Апошнія гады гэты кірунак лічыўся хутчэйшым за польскі, аднак і там беларусы не здолелі пазбегнуць чэргаў у перадсвяточныя дні. Так, у 17 па Мінску 23 снежня чарга ў прапускным пункце Шальчынінкай – Беняконі складала каля 200 аўто. Праходжанне мяжы там займае больш за 20 гадзін. Падобная сітуацыя і ў Мядзінінкаі (Каменны Лог з беларускага боку).
«Скажыце, дзе тормаз на мяжы: беларусы ўсіх гоняць на рэнтген ці што там адбываецца, што чарга так доўга стаіць?»– цікавіцца ў чаце Ірына.
«На беларускім баку: амаль усе едуць праз чырвоны канал. Там прапускаюць на гадзіну па чайнай лыжцы. Вось і атрымліваецца, што чарга ад чырвонага каналу праз пагранпераход і нейтралку ўпіраецца ў выезд ад літоўцаў», – тлумачыць ёй Віктар. Іншыя кіроўцы пацвярджаюць: большую частку чакання ў Мядзінінкаі займаюць нейтральная паласа і чырвоны калідор на ўездзе ў Беларусь. А вось «Толікаў» на літоўскай мяжы не ўспамінаюць, хоць часам і пішуць, што «бізнесоўцы» сустракаюцца і там.
Аўтобусы на абодвух прапускных пунктах праходзяць мяжу за 3-4 гадзіны. На выездзе з Беларусі гэты час можа скараціцца да 1-2 гадзін. Прычым перасадкі і падсадкі літоўскі кірунак, відаць, увогуле абышлі бокам.
Латвія: хуткая альтэрнатыва з нюансам
Традыцыйна не зазнае чэргаў латвійская мяжа. Яе цяпер можна пераадолець праз пункт пропуска Грыгароўшчына – Патэрнікі. Праходжанне займае 1-2 гадзіны.
З 15 кастрычніка ў Латвіі дзейнічае электронная рэгістрацыя для выезду з краіны: цяпер усе кіроўцы мусяць загадзя (альбо непасрэдна перад перасячэннем мяжы) забраняваць сабе слот на праходжанне мяжы, заплаціўшы 9,3 еўра (31 рубель). Пры гэтым беларусы, якія праязджалі праз Грырароўшчыну, адзначаюць, што прапусціць могуць і раней за запланаваны час, хоць робяць гэтак і не кожны раз.
Таксама з 1 верасня 2025-га замежнікі, якія плануюць уехаць у Латвію, не маючы нацыянальнай візы ці ВНЖ, мусяць запоўняць адмысловую анкету штонайменей за 48 гадзін да ўезду ў краіну.
Чытайце таксама: Як выжыць на мяжы: гід з парадамі, лайфхакамі і актуальнымі правіламі



