Беларуская мастачка Дзіна Макарэвіч абвінавачвае модны рэстаран The Cult у Гродне ў тым, што яе карціны выкарыстоўвалі бясплатна для ўпрыгожвання інтэр’еру. А яна спадзявалася, што іх прададуць.
Пра сітуацыю мастачка Дзіна Макарэвіч распавяла ў Threads. Зараз допіс набраў больш за 29 тысяч праглядаў і больш за 340 каментарыяў.
Па словах мастачкі, першапачаткова рэстаран The Cult узяў некалькі яе карцін, каб павесіць у залі. Аплата за такую арэнду не была прадугледжана, бо мастачцы казалі, што іх прададуць.
Як распавядае «Наша Ніва», гэта звычайная практыка: установа бярэ карціны, якімі ўпрыгожвае інтэр’ер, і размяшчае пад імі інфармацыю пра тое, за колькі іх можна набыць (так, напрыклад, працуе бістро-бар «Віноўніца» ў Мінску).
Карціны правіселі паўгода без інфармацыі пра аўтара і цану
Дзіна ўдакладніла ва ўладальніцы ўстановы Ірыны Звонка, ці можа рэстаран размясціць пад яе работамі таблічкі галерэйнага тыпу з неабходнымі звесткамі. Тая адказала: «Так, замовім».
Дарэчы, у акаўнце The Cult ёсць рылс, у якім расхвальваюць карціны мастачкі, але і там нічога не гаворыцца пра тое, што іх можна набыць.
Прыкладна праз паўгода знаёмая мастачкі вячэрала ў The Cult і звярнула ўвагу на тое, што ніякіх таблічак пад карцінамі так і не з’явілася. Яна напісала Дзіне, што ніколі б не здагадалася, што працы можна набыць.
Мастачка вырашыла ўдакладніць ва ўладальніцы, што ж адбываецца. І прапанавала ёй проста выкупіць карціны, каб пазбегнуць непаразуменняў.
«А вы думаеце, так проста нешта зрабіць на замову ў Беларусі?!» — адказала ў перапісцы Ірына Звонка.
Сама Дзіна пераехала ў Варшаву, а ў гэты момант увогуле знаходзіцца на Балі. Таму яна спытала ў карыстальнікаў Threads: «Падкажыце, калі ласка, наколькі складана раздрукаваць паперку ў Беларусі? Там прынтары скончыліся?».

Што кажуць каментатары і ўладальніца рэстарана
Большасць каментатараў пагадзілася з тым, што паводзіны Ірыны Звонка выглядаюць «не вельмі прыгожа». У каментарыях адзначылася блогерка Марыя Гурбанава: «Карціны крутыя, бачылі іх ужывую і ніколі б не падумалі, што яны прадаюцца. Забірайце іх неадкладна».
Сама ж Ірына Звонка таксама з’явілася ў каментарыях. Спачатку яна напісала: «Надрукаваныя паперкі ў рэстаранах не вешаюць». А потым і зусім заявіла, што больш не хоча супрацоўнічаць з мастачкай: «Дзяўчына знаходзіцца не ў Беларусі, вы можаце звязацца з ёй наконт набыцця, а забраць іх у нас у The Cult».
Пад адказам Ірыны таксама разгарнулася дыскусія. Аднак большасць каментатараў былі на баку мастачкі.
«Карціны правіселі ў вас паўгода, што значыць „не хачу супрацоўнічаць“? Аплаціце хаця б арэнду карцін за гэты час. Ну праўда, няўжо так складана было пазначыць цану і імя аўтара карцін?», — напісала адна з карыстальніц сеткі.

«Мастак не плаціць за рэкламу»
Былі і супрацьлеглыя адказы.
«Кожны дзень дзясяткі забяспечаных гасцей установы бачаць карціну мастака, мастак не плаціць ні за арэнду, ні за рэкламу, а ўладальнік вінаваты, бо карціны не прадаюцца. Смешна», — напісаў адзін з каментатараў.
Яму адказалі, што пазначэнне імя аўтара і цаны пад карцінай з’яўляецца неабходнасцю: без гэтых звестак патэнцыйны пакупнік не можа даведацца, ці даступная праца для набыцця.
«Не кожная карціна не ў кожным месцы прадаецца, такое трэба пазначаць пад карцінай. У дадзеным выпадку ўладальнік — лянівы / безадказны чалавек, які не паважае працу іншых людзей і дамоўленасці. І пры гэтым яшчэ і выкарыстоўвае бясплатна чужыя працы для ўпрыгожвання свайго рэсціка. Раздрукаваць паперкі на прынтары і павесіць іх — справа 5 хвілін!», — напісала адна з каментатарак.
Нагадаем, буцік-гатэль і рэстаран The Cult адкрыліся сёлета па адрасе Віленская, 37. Раней тут быў гістарычны будынак 1900 года пабудовы, вядомы ў Гродне як «Дом Лютэка» (дом Ярмаловіча). Яго знеслі і пабудавалі новы будынак.
Установа адразу прыцягнула ўвагу і выклікала неадназначныя водгукі праз цэны. Гатэль з рэстаранам разам з мужам адкрыла гродзенская дызайнерка адзення Ірына Звонка, завабліваючы гасцей інтэр’ерам «як з Pinterest».



