На пасаду старшыні эканамічнага суда Гродзенскай вобласці прызначылі Эдуарда Караля. Указ з’явіўся на сайце прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У 2020 годзе Эдуард Кароль разглядаў справу аб высяленні Гродзенскага дзіцячага хоспіса з арэнднага памяшкання. Рашэннем суда дагавор арэнды скасавалі.  

У лістападзе 2023 года ў уладальніка “Маёнтка Падароск” Паўла Падкарытава забралі комплекс – чатыры будынкі абавязалі вярнуць аддзелу культуры Ваўкавыскага райвыканкама. Суды па справе пачаліся яшчэ ў жніўні таго ж года, першыя рашэнні выносіў у тым ліку Кароль. 

Нарадзіўся ў Брэсце, вучыўся ў Гродне: чым вядомы Эдуард Кароль

Кароль родам з Брэста, яму 41 год. У 2001 годзе ён паступіў на юрфак Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы — скончыў яго з адзнакай.

З 2008 па 2014 працаваў выкладчыкам і дацэнтам кафедры грамадзянскага права і працэсу, пасля стаў начальнікам аддзела дзяржзакупак, інфармацыйнага і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння эканамічнага суда Гродзенскай вобласці. З 2015 года быў суддзёй, а з верасня 2024-га – намеснікам старшыні таго ж суда.

Чытайце таксама: У Гродзенскай вобласці прызначылі новых суддзяў. Што пра іх вядома?