Установа размешчана на даху ЦУМа – гэта аглядная пляцоўка ў цэнтры Гродна. Аб’ява аб продажы з’явілася на «Куфар». 

Nebo разлічана на 100 пасадачных месцаў, ёсць уладкаваны бар і абсталяваныя кухні. У аб’яве таксама адзначаецца, што назіральная пляцоўка – “самае папулярнае месца сярод турыстаў”. Праходнасць рэстарана – каля 1500 чалавек у дзень. Кошт продажу ўстановы не пазначаны.

Няўтульная абстаноўка і бруд: чаму гродзенцы неўзлюбілі Nebo

Аглядная пляцоўка на даху гандлёвага дома “Нёман” з’явілася ў 2018 годзе. Яе лічаць самай вялікай у Беларусі – плошча складае каля 800 кв. м. У праект тады ўклалі каля $500 тыс., у тым ліку выдаткі на ўстаноўку панарамнага ліфта.

У 2023 годзе гандлёвы дом «Нёман» пачалі рэканструяваць. Пасля адкрыцця ён змяніў назву на ЦУМ. Кафэ на даху таксама змяніла ўладальнікаў і стала называцца Nebo. Уваход на назіральную пляцоўку зрабілі платным: для ўсіх, акрамя кліентаў кафэ, ён каштуе два рублі.

Улетку 2024 года гродзенцы ў сацсетках абмяркоўвалі недахопы рэстарана. Блогерка Ала Барысевіч засталася незадаволеная брудным сталом і нясмачнымі брускетамі. У каментарах пад відэа Ганны гродзенцы адзначылі вельмі доўгае чаканне меню і страў, бруд, задуху, няўтульную абстаноўку. Некаторыя не чакалі меню і сыходзілі, іншыя пісалі, што больш ніколі туды не вернуцца.

Пра Nebo гродзенцы ўспомнілі і падчас нядаўняга абмеркавання ў Threads – узгадвалі ўстановы з найгоршым абслугоўваннем. “Ніводнага добрага водгуку не чула пра Неба”, – напісала карыстальніца chebotarevna

У канцы снежня 2025 года адзнака рэстарана на «Яндэкс.Карты» – 4,9 зорак.

Чытайце таксама: У Гродне прадаюць пяльменную — кафэ адкрылася менш за год таму