Гродзенскі гарвыканкам аднавіў грамадскія абмеркаванні па праекце рэканструкцыі Дома быту. Вочнае абмеркаванне праекта запатрабавалі правесці гараджане. Сход планавалі правесці 18 снежня, але яго адмянілі. Hrodna.life разбіраецца, што адбываецца.

Інфармацыю аб аднаўленні грамадскіх абмеркаванняў справаздачы АУНА размясцілі на сайце Гродзенскага гарвыканкама. Да яго ж прымацавалі ліст за 17 снежня, які гродзенскі бізнесмен Станіслаў Сямашка накіраваў Андрэю Хмелю. У ім Сямашка просіць адмяніць працэдуру грамадскіх абмеркаванняў.

"Сямашка маніпулюе правам". У Гродне аднавілі грамадскія абмеркаванні па Доме быту
Ліст аб адмене АУНА. Крыніца: grodno.gov.by

Каб разабрацца, як адмена працэдуры стала магчымай, Hrodna.life звярнуўся да спецыяліста ў сферы рэканструкцыі. Ён пажадаў застацца ананімным. Эксперт лічыць, што сітуацыя з Домам быту адрозніваецца ад звыклай. Акрамя таго, што праект не спадабаўся гараджанам, супраць яго выказаўся таксама і горадабудаўнічы савет.

Цяпер, на думку эксперта, Сямашка “маніпулюе сваімі правамі, каб дабіцца жаданага выніку” — рэалізаваць распрацаваны ім праект рэканструкцыі.

— Наколькі мне вядома, Сямашку на савеце сказалі, што гэты варыянт рэалізоўваць нельга, але ён вырашаў што ён цар і Бог у горадзе, і вырашыў праціснуць свой праект іншым чынам, не правіўшы нічога з тых заўваг, што былі выказаныя наконт праекту, — кажа эксперт.

Класіка “постсаўка”

Спецыяліст дадае, што яму незразумела, як сход маглі правесці падчас грамадскіх абмеркаванняў, якія ішлі.

— Першы хітрык – адклікаць нешта. <…> Далей проста класіка жанру, добра вядомая на ўсім постсаўку — прызначыць грамадскае абмеркаванне на вялікія святы, каб ніхто яго не заўважыў. 

На паўторным грамадскім абмеркаванні сабраць галасы супраць праекту яшчэ складаней. Удзельнікі мяркуюць, што іх першы голас ужо залічаны і не зважаюць на інфармацыю аб новым абмеркаванні.

— Галава занятая пераднавагодняй беганінай, а не нейкімі там будаўнічымі праектамі на сайце гарвыканкама – гэта ўсё іграе на руку недобрасумленнаму забудоўшчыку, — говоорит эксперт. 

Што хацеў зрабіць з Домам быту бізнэсмэн Сямашка

У сярэдзіне лістапада гэтага года стала вядома, што былы Дом быту выкупіў гродзенскі бізнесмен Станіслаў Сямашка. Тады ж з’явілася першая візуалізацыя абноўленага будынка.

Сямашка расказаў аб планах рэканструкцыі будынка ў гістарычным цэнтры горада. Ён быў упэўнены, што праект “спадабаецца ўсім” і абяцаў, што зробіць усё “пад ключ” за восем месяцаў.

Крытыка “праекта Сямашкі”

Многія гродзенцы раскрытыкавалі праект рэканструкцыі будынка ў цэнтры горада. Пад відэа з інтэрв’ю Сямашкі аб планах рэканструкцыі Дома быту разгортваліся актыўныя дыскусіі.

Некаторыя гродзенцы лічылі праект псеўдагістарычным і неадпаведным гістарычнаму цэнтру горада. Іншыя адзначалі, што было б лепш абнавіць існуючы шкляны варыянт будынка, а гістарычным дамам, якія сапраўды патрабуюць аднаўлення, вярнуць іх першапачатковы выгляд.

Іншыя называлі праект “агра-трэшам” у стылі Сямашкі і выказвалі сумненне, што яго рэалізацыя палепшыць сітуацыю. Пры гэтым частка карыстальнікаў паказвала, што маладому аўтару не перашкодзіла б дапамога вопытных архітэктараў.

Як ішлі і перарываліся абмеркаванні па праекце

Першыя грамадскія абмеркаванні павінны былі прайсці з 8 лістапада па 8 снежня 2025 года. Пасля крытыкі, якую выказалі гараджане і горадабудаўнічы савет, гарвыканкам спыніў працэдуру — гэта адбылося 21 лістапада.

На 18 снежня запланавалі сход грамадзян, але напярэдадні Сямашка даслаў ліст Хмелю. У выніку сход адмянілі.

"Сямашка маніпулюе правам". У Гродне аднавілі грамадскія абмеркаванні па Доме быту
Аб’явы аб правядзенні грамадскіх абмеркаванняў па Доме быту. Скрыншот Hrodna.life сайта grodno.gov.by

Цяпер абмеркаванне аднавілі. Згодна з сайтам гарвыканкама, ён пройдзе з 15 да 31 снежня.