Гродзенскі гарвыканкам абвясціў конкурс на лепшы эскізны праект манументальна-дэкаратыўнай скульптуры аленя — сімвала горада. Да ўдзелу запрашаюцца скульптары і архітэктары з профільнай адукацыяй.
Аўтары могуць даслаць работы на адну з тэм: «Алень фестывальны», «Алень кінематаграфічны» і «Алень турыстычны». Скульптура павінна адпавядаць класічным традыцыям і мець вышыню да двух метраў.
Матэрыялы трэба падаць ананімна: планшэт фармату 1х1м з сітуацыйным планам, мадэллю скульптуры (маштаб ад $1:10$), візуалізацыяй і тлумачальнай запіскай.
Заяўкі прымаюцца да 29 студзеня 2026 года ўключна ва ўпраўленні будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама (Гродна, пл. Антонія Тызенгаўза, 3). Кантактныя тэлефоны: +375 152 62 69 93, +375 152 62 69 90, +375 152 44 74 32.
Конкурс адбудзецца нават пры адным удзельніку. Прадстаўленыя матэрыялы вернуць аўтарам. Вынікі разгляду заявак апублікуюць на сайце гарвыканкама.
Таксама гарвыканкам у сваім Telegram-канале паказаў меркаваныя месцы ўстаноўкі новых фігур аленя:
- мост па вуліцы Філарэта, які зараз рэканструююць;
- месца каля МЦ «Гродна» на вуліцы Савецкай;
- у скверы на скрыжаванні вуліц Тэльмана і Урыцкага;
- каля крамы «Еўраопт» па вуліцы Ціміразева.



