На конкурсе, які праводзіць міжнародная арганізацыя Academy of Chocolate у Лондане, прадукцыя майстэрні Prime Chocolate з Ліды заваявала два залатыя і чатыры сярэбраныя медалі. За восем гадоў працы беларускі шакаладны брэнд неаднойчы перамагаў на розных міжнародных конкурсах.
Дзве залатыя і дзве сярэбраныя ўзнагароды шакалад ад лідчан атрымаў у намінацыі «Flavoured Dark Chocolate Bar» (Араматызаваны цёмны шакалад). І яшчэ чатыры сярэбраныя — у намінацыі «Plain Dark Chocolate Bar» (Класічны цёмны шакалад без дабавак).
Міжнародныя ўзнагароды атрымлівалі і раней
Гэта не першыя медалі лідчан. У 2019 годзе шакалад лідскіх рамеснікаў на міжнародным конкурсе The International Chocolate Awards атрымаў адразу тры ўзнагароды ў намінацыі «Цёмны шакалад без дабавак».
У 2020 годзе на гэтым жа конкурсе лідчанам аддалі вышэйшыя ўзнагароды. Шакалад «Доля анёла», які амаль год саспяваў у бочцы з-пад віскі, заняў першае месца ў адной з намінацый і атрымаў спецыяльны прыз ад журы. Шакалад «Індыя Керала» прынёс вытворцам «бронзу».
Academy of Chocolate: сусветная прэмія для вытворцаў шакаладу
Акадэмія шакаладу (Academy of Chocolate) з’явілася ў 2005 годзе, каб адзначаць найлепшых вытворцаў і паказваць вядучыя вырабы з усяго свету. Калі ў першы год прэмія атрымала ўсяго 12 заявак, то да 2023-га іх колькасць перавысіла 1400, а геаграфія ўдзельнікаў пашырылася да больш чым 50 краін.
Лаўрэатаў вызначаюць прафесіяналы індустрыі: шакалацье, вытворцы, журналісты, блогеры і кулінарныя эксперты з розных краін. Вырабы ацэньваюць у некалькіх асноўных катэгорыях — пліткавы і батончыкавы шакалад, цукеркі, напоі, спрэды і ўпакоўка. Акрамя традыцыйных залатых, сярэбраных і бронзавых медалёў, уручаюць і спецыяльныя ўзнагароды.

Prime chocolate — майстэрня рамеснага шакаладу з Ліды
Майстэрня шакаладу Prime chocolate з’явілася ў Лідзе ў 2017 годзе. Лідчане Алена Ціхановіч і Вадзім Бачароў пачалі вырабляць эксклюзіўны рамесны шакалад без дабавак і кансервантаў. Алена паводле адукацыі настаўніца музыкі, а Вадзім — юрыст. Яны пазнаёміліся ў Мінску, а потым пераехалі ў Ліду, дзе спачатку адкрылі краму з сухафруктамі і шакаладам для кандытараў.
У 2017 годзе Алена натрапіла ў інтэрнэце на артыкул пра тое, як у Еўропе і Амерыцы робяць шакалад на каменных млынах. Яна знайшла кампанію ў Маскве і вырашыла паспрабаваць. Разам з мужам яны набылі меланжэр за $3500 і каля 100 кг араматычных какава-бабоў, выдаткаваўшы агулам каля $7000. Адразу пачалі эксперыментаваць дома, вывучаючы абсмажванне бабоў па відэа на YouTube.

Перазапуск Prime chocolate ў Мінску: сямейная майстэрня эксклюзіўнага шакаладу
Пасля цяжкасцей з высокай арэнднай платай і каранавірусам пара адкрыла краму ў Мінску і перавязла туды сваю вытворчасць. Зараз у Prime chocolate удзельнічае ўся сям’я: заснавальніца адказвае за творчасць і стратэгію, Вадзім — за тэхнічную частку. Дачка Алеся вядзе сацсеткі і робіць фатаграфіі, а сын Саша пасля навучання ў Еўрапейскай школе дэгустатараў у Санкт-Пецярбургу працуе на вытворчасці шакаладу і цукерак.
У Prime chocolate таксама гатуюць фірмовыя дэсерты: браўні, труфелі з рознымі відамі сыру, аўтарскае печыва, какава-бабы ў шакаладзе, натуральнае какава, гарачы шакалад, а таксама чакалатль — незвычайны напой, які лічыцца прабацькам шакаладу. Акрамя лідчан, у Беларусі яго ніхто не гатуе.
Дзе пакаштаваць шакалад ад лідскіх майстроў і колькі ён каштуе
Крама з шакаладам ад лідчан працуе ў Мінску па адрасе: вул. Кісялёва, 28. Рэжым працы:
- аўторак – субота: з 12:00 да 20:00;
- нядзеля: з 12:00 да 18:00.
Таксама на сайце шакаладнай майстэрні можна заказаць прадукцыю з дастаўкай. Кошт адной пліткі — ад 35 рублёў. Шакалад, які атрымаў залаты медаль у гэтым годзе ў Лондане, таксама ёсць у наяўнасці. Плітка «Peru Qori Inti 75%» каштуе 40 рублёў.



