У Гродне на кальцы Горкага — БЛК дабудоўваюць фуд-комплекс. Тут, акрамя пунктаў грамадскага харчавання, будуць вольная і інтэрактыўная зоны і дзіцячая пляцоўка, паведамляе тэлеканал «Гродна Плюс». Завяршыць будаўніцтва плануцюць вясной 2026 года.
Аб’ект разлічаны на два паверхі плошчай 1500 квадратных метраў. Ужо стварылі канструкцыю будынка, зашклілі яго, зрабілі дах. Прыступілі да добраўпарадкавання тэрыторыі — рыхтуюць зямлю для дзіцячай пляцоўкі. Будаўнікі працуюць над унутраным аздабленнем.
Што будзе ўнутры гастранамічнага комплексу на Горкага
На першым паверсе будуць два прасторныя вялікія рэстараны, на другім — фудкорт на шэсць невялікіх пунктаў. Паводле планаў, у комплексе будуць працаваць установы з рознымі нацыянальнымі кухнямі. Паміж зонамі ўсталююць шкляны ліфт.
Паводле слоў дырэктара кіруючай кампаніі ТАА «ВТБТВ» Аляксея Радчанкі, канцэпцыя комплексу, як і раней, — грамадскае харчаванне. Пункты будуць разлічаны ў першую чаргу на студэнтаў.
На прылеглай тэрыторыі прадугледзелі паркоўку для людзей з інваліднасцю. Асноўная паркоўка будзе размяшчацца на БЛК.
Галоўны архітэктар праекта арганізацыі «Элка» Аляксандр Рудамін кажа, што форма аб’екта і сама канцэпцыя абумоўлены транспартнымі і пешаходнымі сувязямі на гэтым месцы. Тут праходзіць шмат сетак — было складана праектаваць і будаваць.
Раней там хацелі пабудаваць вышынку — але быў скандал
Пра тое, што на гэтым месцы з’явіцца будынак грамадскага харчавання, стала вядома летам 2022 года. Участак зноў выставілі на аўкцыён з пачатковай цаной 31,6 тыс. рублёў. Дадаткова новага ўладальніка абавязвалі выплаціць 18 тыс. рублёў гродзенскай ЖКГ. Паводле ўмоў продажу, на ўчастку трэба было абсталяваць дзіцячую пляцоўку і захаваць старыя дрэвы.

А раней, у кастрычніку 2021 года, жыхары дома побач з крамай «Фіялка» дамагліся адмены будаўніцтва вышынкі на гэтым участку. Будынак быў прадугледжаны генеральным планам горада. Зямлю ўжо паспелі прадаць.
Убачыўшы прапанаваны праект, жыхары дома № 78 успрынялі ідэю ў штыкі. На сустрэчы з чыноўнікамі ў жніўні 2019 года яны эмацыйна выказваліся, што іх дом разваліцца, як толькі пачнуць забіваць палі, двор ператворыцца ў суцэльную паркоўку, а дрэвы высекуць і пасадзяць замест іх дубчыкі. Пазней высветлілася, што ў гэтым доме з 1980 года жыве сям’я Каранікаў. Будоўлю адмянілі.



