Шматдзетная маці выйграла аўкцыён па продажы закінутага дзіцячага аздараўленчага лагера «Алімпіец» у Гродзенскай вобласці. Яна плануе пераабсталяваць яго пад жыллё для сваёй сям'і, паведамляе telegraf.news. Аб’ект размешчаны ля зліцця рэк Нёман, Зазулька і Ельня ў вёсцы Дашкаўцы Мастоўскага раёна. Гэта прыкладна за 76 кіламетраў ад Гродна і за 230 кіламетраў ад Мінска.
Торгі прайшлі ў фармаце электроннага аўкцыёну: на лот прэтэндавалі сем удзельнікаў. Пачатковая цана комплексу складала 210 рублёў. Падчас двухгадзінных таргоў яна вырасла амаль у 40 разоў — да 8300 рублёў.
Пераможца хоча перавесці будынкі лагера ў статус жылых і пераехаць туды разам з сям’ёй. Умовы аўкцыёну прадугледжваюць такую магчымасць. Таксама можна весці падсобную гаспадарку. Земельны ўчастак плошчай 1,5 гектара ёй перададуць у доўгатэрміновую арэнду тэрмінам на 50 гадоў.
Былы лагер «Алімпіец» у Мастоўскім раёне з’явіўся ў 1961 годзе. Пабудовы там дадавалі аж да 2011 года. Раней тут праводзілі спартыўныя зборы. Да продажу лагер знаходзіўся на балансе Гродзенскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па веславанні імя Рудзевіча.


