Урач-анколаг-лімфолаг Валерыя Аганесян будзе працаваць у Гродзенскім прафесарскім кансультатыўным цэнтры. Галоўная задача спецыялісткі – прадухіляць рызыкі лімфатычных ацёкаў у пацыентаў, якія лячыліся ад анкалогіі, піша «Вечерний Гродно». 

Валерыя Аганесян тлумачыць, што асноўны аб’ект увагі ўрача-лімфолага – лімфатычная сістэма. Калі адбываецца збой у рабоце сістэмы, парушаецца адток лімфы. Як следства з’яўляецца хранічнае захворванне – лімфедэма.

Пры лімфедэме вадкасць назапашваецца ў мяккіх тканінах, з-за чаго з’яўляецца пастаянны ацёк – часцей за ўсё ў руках і нагах. Таксама гэта ўплывае на стан скуры – могуць з’явіцца язвы, пігментацыя і экзэмы.

Спецыялізацыю ўрача-лімфолага Валерыя атрымала ў Санкт-Пецярбургскім медуніверсітэце імя Паўлава. Спецыялістка адзначае, што «лімфедэма – цяжкая паталогія», але яе можна вылечыць.

У Гродне з'явіўся першы ў вобласці ўрач-лімфолаг
Валерыя Аганесян. Фота: grodnouzo.gov.by

— Нават пры запушчанай стадыі хваробы стан чалавека не безнадзейны, зрабіць можна вельмі шмат. Галоўнае, каб лячэнне было слушным. Своечасовая і прафесійная дапамога дазваляе кантраляваць ацёкі, аднаўляць рухомасць канечнасцяў, прадухіляць ускладненні, паляпшаць якасць жыцця і пазбягаць інвалідызацыі пацыентаў, – кажа Аганесян. 

Чытайце таксама: «Вольнага паветра не хапала». Урач з Гродна збег ад пераследу — і цяпер шкадуе, што не з’ехаў з Беларусі яшчэ раней