У Беларусі памілавалі 123 зняволеных, сярод іх ёсць палітвязні, перадае праваабарончы цэнтр «Вясна». У іх ліку — Марыя Калеснікава, а таксама грамадзяне Украіны і іншых краін.
Таксама сярод вызваленых — лаўрэат Нобелеўскай прэміі Алесь Бяляцкі. На волі таксама Віктар Бабарыка, Марына Золатава, Аляксандр Фядута, Максім Знак.
Як паведамляе Telegram-канал «Пул Першага», Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне аб памілаванні 123 грамадзян розных краін, «асуджаных згодна з Законамі Рэспублікі Беларусь за здзяйсненне злачынстваў рознай накіраванасці — шпіёнскую, тэрарыстычную і экстрэмісцкую дзейнасць».
Таксама паведамляецца, што ўсё гэта адбылося «ў рамках дасягнутых дамоўленасцей з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам і па яго просьбе, у сувязі з адменай незаконных санкцый супраць калійнай галіны Рэспублікі Беларусь, уведзеных Адміністрацыяй папярэдняга прэзідэнта ЗША Байдэна, і ў сувязі з пераходам у практычную плоскасць працэсу адмены іншых незаконных санкцый супраць Рэспублікі Беларусь.

Усяго за апошні час, з улікам рашэнняў, прынятых прэзідэнтам Беларусі ў канцы лістапада, агульная колькасць памілаваных асоб складае 156 чалавек. Сярод іх — грамадзяне Вялікабрытаніі, ЗША, Літвы, Украіны, Латвіі, Аўстраліі, Японіі".
Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», на волю выйшлі таксама грамадзянін Польшчы Раман Галуза, грамадзянін Аўстраліі Аляксандр Сырыца, грамадзянка Латвіі Ганна Сакаленка, грамадзянка Літвы Марыя Батальёнак.
Хто яшчэ выйшаў на волю
Па інфарамцыі праекта «Хачу жыць» таксама на волю выйшлі:
- Марына Санкевіч — асуджаная за каментарыі ў сацыяльных сетках да 7 гадоў пазбаўлення волі і якая правяла ў зняволенні 1388 дзён.
- Соф’я Бачурынская — 70-гадовая гамяльчанка, прысуджаная да 2 гадоў калоніі за «абразу Лукашэнкі».
- Уладзіслаў Яцэнка — жыхар Гомеля, пасаджаны на 5 гадоў, за перавод 21 еўра для ўкраінскага батальёна Кастуся Каліноўскага.
- Сяргей Іванцоў - псіхолаг, затрыманы ў красавіку 2023 года за каментарый у бот канала «Беларусь головного мозга». Прысуджаны да 4 гадоў пазбаўлення волі.
- Наталля Малец — пенсіянерка, асуджаная на 3 гады за тое, што складалася ў Фэйсбук-групе «Лісты Салідарнасці Беларусь 2020».
ЗША здымаюць санкцыі з беларускага калію
Пра зняцце амерыканскіх санкцый з беларускага калію паведаміў пасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коўл па выніках сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, якая адбылася 13 снежня ў Мінску.
дказваючы на пытанні прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ, Коўл заявіў, што ў адпаведнасці з указаннямі прэзідэнта Дональда Трампа Злучаныя Штаты здымаюць санкцыі з калійнай галіны Беларусі. Паводле яго слоў, гэта «вельмі добры крок з боку ЗША для Беларусі», і рашэнне набывае моц ужо цяпер. Ён таксама адзначыў, што дыялог па пытанні санкцый будзе працягнуты.
Як паведамляе БЕЛТА, амерыканскі бок ацаніў перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам як «вельмі прадуктыўныя». Падчас сустрэчы абмяркоўваліся вайна паміж Расіяй і Украінай, а таксама сітуацыя ў Венесуэле. «У нас адбылася вельмі добрая размова. Мы гаварылі пра будучыню і пра тое, як рухацца па шляху збліжэння ЗША і Беларусі, каб нармалізаваць адносіны. Гэта наша мэта», — падкрэсліў ён.



